Акадэмія Лідэраў Залатога Веку абвяшчае новы набор

Навіны → 14 красавіка 2022

Да ўдзелу у Акадэміі, якая будзе працаваць 10-14 мая пад Мінскам, запрашаюцца актывісты універсітэтаў залатога/трэцяга веку, клубаў, валанцёрскіх груп, а таксама іншых супольнасцяў сталых людзей.

Мэтай Акадэміі з’яўляецца ўмацаванне лідэрскага патэнцыяла актыўных сталых людзей у галіне планавання дзейнасці, вывучэння патрэбаў сталых людзей, умацавання партнёрскіх сувязяў паміж арганізацыямі і ініцыятывамі, якія працуюць на карысць сталых людзей.

Заняткі Акадэміі будуць адбывацца ў інтэрактыўным фармаце. Праводзіць іх будуць эксперты з вялікім досведам працы ў галіне навучання дарослых.

У дадатак да заняткаў у праграме Акадэміі запланаваныя і цікавыя вечаровыя інтэграцыйныя мерапрыемствы.

Каго запрашаем у Акадэмію?

Прыярытэт пры адборы ўдзельнікаў Акадэміі будуць мець актыўныя сталыя людзі – сябры самакіраванняў адукацыйных пляцовак, кіраўнікі і актывісты валанцёрскіх груп і г.д..

Колькі каштуе ўдзел у Акадэміі?

Арганізатары Акадэміі забяспечаць за свой кошт пражыванне ўдзельнікаў у двухмясцовых нумарах, трохразовае харчаванне, навучальныя матэрыялы.

Удзельнікі Акадэміі будуць часткова аплочваць выдаткі на праезд да Мінска. Дадатковая інфармацыя пра гэта, а таксама пра месца правядзення Акадэміі, будзе накіраваная тым удзельнікам, якія дашлюць заяўкі на ўдзел.

Як заявіцца на ўдзел у Акадэміі?

Для гэтага трэба запоўніць да 25 красавіка анкету-заяўку на ўдзел у Акадэміі. Пра вынікі адбору будзе паведамлена да 30 красавіка.

Хто фінансуе правядзенне Акадэміі?

Акадэмія Лідэраў Залатога Веку працуе ў межах праекта, які здзяйсняецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне” (Мінск) у партнёрстве з шэрагам іншых сябраў кааліцыі пры спрыянні Праграмы падтрымкі Беларусі (ППБ). 

Праграма падтрымкі Беларусі рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Германскага таварыства па міжнароднаму супрацоўніцтву (GIZ).

Як працавалі папярэднія Акадэміі?

Першая Акадэмія Лідэраў Залатога Веку працавала летам 2019 г. пад Слонімам.

Пра тое, як тады праходзілі заняткі і хто браў у іх удзел – чытайце на нашым сайце.

Другая Акадэмія працавала ў жніўні 2021 г. Чытайце справаздачу пра яе працу тут.