Пра нас

Кааліцыя “За годнае даўгалецце”

Кааліцыя з’яўляецца нефармальнай сеткай, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных арганізацый, а таксама эксперты.

Арганізацыйная сустрэча па стварэнні кааліцыі адбылася 14 лістапада 2018 г. у Мінску. Удзел у сустрэчы бралі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і эксперты, якія займаюцца рознымі накірункамі працы па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей і забеспячэння роўных магчымасцяў для людзей усіх узростаў.

У лютым 2019 г. быў ухвалены Мемарандум Кааліцыі, у якім зафіксаваныя асноўныя накірункі сумеснай працы:

  • сумесная падрыхтоўка прапановаў да зместу Нацыянальнай стратэгіі годнага даўгалецця і іншых нарматыўных дакументаў, якія тычацца пытанняў забеспячэння годнага даўгалецця;
  • абмен інфармацыяй і досведам работы па актывізацыі сталых людзей, паляпшэнні якасці іх жыцця, забеспячэнні дыялога паміж пакаленнямі;
  • арганізацыя дыялогавых пляцовак па пытаннях, звязаных з паляпшэннем якасці жыцця сталых людзей, забеспячэннем іх канстуцыйных правоў і інтарэсаў, а таксама супрацьдзеянне эйджызму;
  • павышэнне патэнцыялу арганізацый і ініцыятыў, якія займаюцца пытаннямі паляпшэння якасці жыцця сталых людзей;
  • ініцыяванне і стымуляванне навуковых даследаванняў, скіраваных на даследаванне стану і патрэбаў сталых людзей, якасці паслуг, а таксама іншых пытанняў годнага даўгалецця, удзел у правядзенні гэтых даследаванняў і папулярызацыі іх вынікаў;
  • паляпшэнне інфармаванасці беларускага грамадства аб рэальным становішчы сталых людзей у краіне;
  • фармаванне станоўчага вобразу сталага чалавека ў медыя;
  • ініцыяванне грамадскіх дыскусій па пытаннях годнага даўгалецця;
  • маніторынг эфектыўнасці рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця і іншых планаў, якія закранаюць інтарэсы сталых людзей;
  • прадстаўленне інтарэсаў сябраў кааліцыі на міжнароднай арэне па пытаннях паляпшэння якасці жыцця сталых людзей, забеспячэння іх правоў і інтарэсаў.

У сакавіку 2019 г. кааліцыя з дапамогай Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Германіі арганізавала навучальны візіт у г. Арнсберг для знаёмства з досведам стварэння мясцовых планаў дзеянняў ва ўмовах старэння насельніцтва, а таксама практыкамі працы дзяржаўных і няўрадавых арганізацый па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей.

Вясной 2019 г. кааліцыя даслала таксама свае прапановы да Дарожнай карты па распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі, падрыхтаванай ЕЭК ААН, а таксама да праекта Нацыянальнай стратэгіі, распрацаванага Навукова-даследчым інстытутам пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.

Сябры кааліцыі на працягу 2019 г. бралі актыўны ўдзел у распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце – 2030” (чатыры прадстаўнікі кааліцыі бралі удзел у дзейнасці створанай пры Міністэрстве працы Працоўнай групы па распрацоўцы стратэгіі).

У чэрвені 2019 г., жніўні 2021 г., а таксама ў траўні 2022 г. кааліцыя арганізавала Акадэмію Лідэраў Залатога Веку для актывістаў самакіраванняў універсітэтаў трэцяга веку і іншых пляцовак па актывізацыі сталых людзей.

1-2 кастрычніка 2019 г. кааліцыяй быў праведзены першы беларускі Форум “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, удзел у якім узялі больш за 200 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Германіі, Ізраіля, Казахстана, Расіі, Украіны, Швайцарыі, Аўстрыі, Швецыі.

З пачатку 2020 года ў публічным доступе з’явілася інтэрактыўная Мапа годнага даўгалецця, якая ўтрымлівае інфармацыю пра арганізацыі і ініцыятывы, якія займаюцца паляпшэннем якасці жыцця сталых людзей.

З лістапада 2020 года кааліцыя здзяйсняе праект “Роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, які здзяйсняецца пры падтрымцы Праграмы падтрымкі Беларусі ўраду ФРГ.

У красавіку 2021 г. адбыўся першы выпуск Школы адукатараў кааліцыі “За годнае даўгалецце”.

Яшчэ адна такая Школа працавала ў траўні 2022 г.

Каардынатарам кааліцыі з’яўляецца Вітаўт Руднік (coalition.aging@gmail.com).

Сачыць за навінамі дзейнасці кааліцыі “За годнае даўгалецце”, а таксама арганізацый-сябраў кааліцыі, можна таксама на старонцы кааліцыі ў Фэйсбуку.

Як стаць удзельнікам кааліцыі:

  1. Падпісаць Мемарандум кааліцыі
  2. Падцвердзіць сваё жаданне ўступіць у кааліцыі, напісаўшы ў вольнай форме ліст па адрасе coalition.aging@gmail.com