Форум пройдзе 1-2 кастрычніка і збярэ каля 150 ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і шэрагу іншых краін. Арганізатарам імпрэзы з’яўляецца кааліцыя “За годнае даўгалецце”.
«Абмеркаваць ключавыя дзеянні, якія дапамогуць беларусам жыць і старэць годна, палепшыць супрацу паміж дзяржаўнымі, грамадскімі, акадэмічнымі, камерцыйнымі арганізацыямі, якія дбаюць пра якасць жыцця людзей розных пакаленняў, пра дыялог паміж пакаленнямі – менавіта гэта з’яўляецца галоўнымі мэтамі Форума», – кажа каардынатар кааліцыі Вітаўт Руднік.
На форуме будзе прэзентаваны міжнародны досвед дзейнасці па забеспячэнні годнага даўгалецця, а таксама будуць прэзентаваныя асноўныя палажэнні Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце – 2030”, якая зараз распрацоўваецца ўрадам краіны.
Удзельнікі Форума пазнаёмяцца з вынікамі даследаванняў, прысвечаных патрэбам сталых людзей, а таксама вобразу сталага чалавека ў грамадстве.
Па дадзеных навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, у Беларусі сфарміраваўся стабільны трэнд на ўстойлівае і інтэнсіўнае старенне насельніцтва. За апошнія 10 год насельніцтва краіны ва ўзросце болей за 60 год павялічылася на 29%.
«Сталыя беларусы маюць патрэбу не толькі ў добрай пенсіі ды даступнай медыцыне. Многім з тых, каму сёння 55+, даводзіцца змагацца з пачуццём адзіноты (з-за страты блізкіх, ад’езду дзяцей, разрыву кантактаў з былымі калегамі па працы), з гвалтам з боку блізкага атачэння, стэрэатыпным успрыняццём старасці з боку грамадства. Вялікая колькасць сталых людзей хацела б развівацца, атрымліваць карысныя для жыцця ў сучаным грамадстве ўменні, быць запатрабаванымі іншымі людзьмі, але магчымасцей для гэтага ў краіне ўсё яшчэ недастаткова», – кажа Вітаўт Руднік.
Удзел у Форуме годнага даўгалецця возьме каля 150 чалавек з Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі, Казахстану, Кыргызстану, Украіны. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх, камерцыйных і акадэмічных арганізацый, эксперты ў галіне старэння насельніцтва, актыўныя сталыя людзі.
Арганізатары Форума:
- Кааліцыя “За годнае даўгалецце”
- Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне” (Мінск)
- Грамадскае аб’яднанне “Трэці сектар” (Гродна)
- Установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” (Гродна)
- Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” (Мінск)
- Грамадскае дабрачыннае габрэйскае аб’яднанне “Хэсэд-Рахамім” (Мінск)
- Рэспубліканскі геранталагічны цэнтр (актыўнага даўгалецця)
- Навукова-даследчы інстытут Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва
Партнёры Форума:
Форум ладзіцца пры падтрымцы:
- Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўраду Германіі
- Прадстаўніцтва ЮНФПА ў Беларусі
- Фонда “Памяць, адказнасць і будучыня” (Германія)