Абмеркавалі ідэі супрацоўніцтва з нямецкімі арганізацыямі

Навіны → 27 сакавіка 2019

24-27 сакавіка дэлегацыя кааліцыі знаходзілася ў нямецкім Арнсбергу, дзе знаёмілася з нямецкім досведам працы па распрацоўцы нацыянальных і мясцовых планаў дзеянняў па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей. У час візіту былі таксама абмеркаваны ідэі адносна супрацоўніцтва кааліцыі з нямецкімі арганізацыямі.

Падчас паездкі дэлегацыя кааліцыі сустрэлася з прадстаўнікамі экспертнага цэнтра “Старэнне будучага” Марытай Гервін і Марцінам Поленцам, а таксама прадстаўнічкай цэнтра службы па дэменцыі рэгіёна Паўднёвай Вестфаліі Біргіт Браўн. На сустрэчы былі абмеркаваны ідэі адносна супрацоўніцтва кааліцыі з экспертным цэнтрам.

У час візіту ў прадстаўнікоў кааліцыі была магчымасць сустрэцца з мэрам г. Арнсберг Ральфам Паўлем Бітнерам і прыняць удзел у дыскусіі на тэму актыўнага даўгалецця з пункту гледжання муніцыпальнай палітыкі.

Прадстаўнікі кааліцыі прадставілі свае арганізацыі і падзяліліся вопытам працы са сталымі людзьмі на сустрэчы з Дзіркам Візэ, каардынатарам міжнацыянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, Сярэдняй Азіяй і краінамі Усходняга партнёрства.

Прадстаўнікі кааліцыі наведалі службу Caramundi, дзе адбываецца дагляд за сталымі людзьмі, і мелі магчымасць пагутарыць з супрацоўнікамі, наведвальнікамі і кіраўніцтвам.

Атрымалася наведаць і аддзел дзённага дагляду за сталымі людзьмі. Рэгулярна дзеці з дзіцячага садка наведваюць аддзел дзённага дагляду, дзе сумесна гуляюць у гульні, распавядаюць казкі, малююць і спяваюць.

Цікавы вопыт атрымалі прадстаўнікі Кааліцыі пры наведванні Дома некалькіх пакаленняў. 40 гадоў дзверы паміж цэнтрам для моладзі і цэнтрам для сталых людзей была зачынена, а 4 гады назад дзверы адчынілі для таго, каб людзі ўсіх пакаленняў маглі праводзіць час разам. У Доме некалькіх пакаленняў дзейнічае адкрытая кухня “Брутцэлкюхэ”. Любы жадаючы бясплатна і без папярэдняй рэгістрацыі можа наведаць кухню, прыняць удзел у сумесным прыгатаванні ежы і паабедаць.

У г. Арнсберг працуе Кансультатыўны Савет па пытаннях сталых людзей. Перад Кансультатыўным Саветам стаіць задача забяспечыць, каб інтарэсы сталых людзей у горадзе Арнсберг былі даступныя для грамадскасці, а таксама распрацаваць ідэі па паляпшэнню ўмоў жыцця для сталых людзей і для забеспячэння інтарэсаў сталых людзей. Шмат праектаў рэалізуюць прадстаўнікі Кансультатыўнага Савета: слоік хуткай дапамогі, “сінія камізэлькі”- суправаджэнне ў аўтобусах маламабільных людзей, кавярня для сталых людзей, карнавал для маламабільных людзей, моладзі, людзей з дэменцыяй, выпуск часопіса “Бачанне” і іншыя.

Навучальны візіт удзельнікаў беларускай кааліцыі няўрадавых арганізацый па тэме актыўнага даўгалецця, Арнсберг, 24-27 сакавіка 2019 быў арганізаваны пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі (ППБ). Праграма падтрымкі Беларусі рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Германскага таварыства па міжнароднаму супрацоўніцтву (GIZ).

Дар’я Радзевіч