Онлайн-сустрэча прадстаўнікоў кааліцыі “За годнае даўгалецце” са сваімі партнёрамі з нямецкага Арнсберга адбылася 24 верасня і была прысвечаная планам супрацы ў найбліжэйшыя месяцы.
Арнсберг даўно вядомы сваімі ініцыятывамі на карысць сталых людзей.
У сакавіку 2019 года з дапамогай Праграмы Падтрымкі Беларусі група прадстаўнікоў кааліцыі мела магчымасць наведаць Арнсберг і на ўласныя вочы пазнаёміцца з досведам працы нямецкіх калег.
Прадстаўніца адміністрацыі гэтага горада Марыта Гервін брала актыўны ўдзел у арганізаваным кааліцыяй Форуме годнага даўгалецця (кастрычнік, 2019).
У канцы мінулага года арганізацыі-сябры кааліцыі разам з нямецкімі партнёрамі падалі заяўку на конкурс праектаў, арганізаваных у межах Праграмы Падтрымкі Беларусі. Праект быў ўхвалены і зараз знаходзіцца на этапе рэгістрацыі ў Беларусі.
У час онлайн-сустрэчы была абмеркаваная сітуацыя, звязаная з рэгістрацыяй праекта ў Беларусі, узгодненыя магчымыя даты навучальных візітаў у Германію і Украіну, запланаваных у межах сумеснай дзейнасці.
Удзельнікі сустрэчы таксама падзяліліся інфармацыяй пра тое, як арганізаваная дапамога сталым людзям у час пандэміі ў Арнсбергу, а таксама ў беларускіх гарадах і мясцовасцях, у якіх працуюць беларускія арганізацыі-сябры кааліцыі.
Беларускія і нямецкія эксперты, якія бралі ўдзел у сустрэчы, дамовіліся зрабіць такія сустрэчы рэгулярнымі.