Чатыры прадстаўнікі кааліцыі бяруць удзел у стварэнні Нацыянальнай стратэгіі

Навіны → 27 мая 2019

Першае паседжанне Працоўнай групы па падрыхтоўцы Стратэгіі адбылося 20 траўня ў міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Удзел у сустрэчы бралі чатыры прадстаўнікі кааліцыі: старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік, старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне” Анжаліка Аношка, а таксама эксперты Раіса Сінельнікава і Аксана Елова.

У час сустрэчы быў прадстаўлены першы варыянт праекта Стратэгіі, разлічанай на перыяд да 2030 г.

Прапанаваная на сустрэчы канцэпцыя структуры дакумента выклікала шмат пытанняў адносна мэты стратэгіі, галоўных накірункаў дзейнасці, узроставай перыядызацыі і інш.

Сябры кааліцыі, якія бралі ўдзел у сустрэчы, прапанавалі замест “ведамасных” накірункаў дзейнасці (адукацыя, здароўе, сацыяльная абарона і г.д.), прапанаваных аўтарамі праекта, сфакусавацца на вырашэнні найбольш вострых пытанняў, звязаных з дэмаграфічным старэннем нашай краіны.

Сярод такіх пытанняў – недасканалая сістэма пенсійнага забеспячэння, слабы ўдзел сталых людзей у жыцці грамадства, абмежаваныя магчымасці для занятасці (у тым ліку – працоўнай), зніжэнне якасці жыцця сталых людзей у сельскай мясцовасці.

Па выніках сустрэчы было прынята рашэнне, што да 31 траўня ўдзельнікі Працоўнай групы дашлюць свае прапановы адносна ключавых палажэнняў праекта.