Узгадненне зменаў у праграме Форума, новых выступоўцаў, абмеркаванне патэнцыйных удзельнікаў – гэтым пытанням была прысвечаная чарговая сустрэча аргкамітэту Форума годнага даўгалецця, які адбудзецца 1-2 кастрычніка.
Удзел у сустрэчы, якая адбылася 12 жніўня, бралі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “Цэнтр “Трэці сектар”, “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў”, прыватнай установы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”, Мінскага ўніверсітэту трэцяга веку, Навукова-даследчага інстытута Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, Праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага ўраду Германіі, а таксама галоўны герантолаг Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч і экспертка па сацыяльных пытаннях Раіса Сінельнікава.
У працы аргкамітэту таксама бяруць удзел прадстаўнікі міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”, дабрачыннай габрэйска арганізацыі “Хэсэд-Рахамім”, а таксама прадстаўніцтва ЮНФПА у Беларусі. У найбліжэйшы час спіс арганізацый-удзельніц аргкамітэту можа пашырыцца.
Чакаецца, што ўдзел у Форуме возьме каля 150 чалавек з Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі, Казахстану. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх, камерцыйных і акадэмічных аргнаізацый, эксперты ў галіне старэння наслеьніцтва, актыўныя сталыя людзі.
Галоўным фокусам працы Форума, ініцыяванага кааліцыяй “За годнае даўгалецце”, стане абмеркаванне прапановаў, якія могуць увайсці ў План рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі дзеянняў ва ўмовах старэння грамадства на перыяд да 2030 года.