На Злёце “срэбраных валанцёраў” Беларусі дзяліліся поспехамі і разважалі пра кропкі роста

Навіны → 5 снежня 2019

Актывісты валанцёрскага руху сталых людей з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся 5 снежня ў Мінску на Першы Злёт валанцёраў “срэбранага”ўзросту. Удзел у сустрэчы бралі і прадстаўнікі кааліцыі “За годнае даўгалецце”.

У час імпрэзы былі прадстаўленыя прыклады арганізацыі валанцёрскай працы на базе “Чырвонага крыжа”, Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця).

На Злёце "срэбраных валанцёраў" Беларусі дзяліліся поспехамі і разважалі пра кропкі роста
Прамаўляе экспертка кааліцыі Людміла Жылевіч. Фота Кірыла Прапласкі

Пра свае валанцёрскія ініцыятывы распавялі таксама прадстаўнікі кожнага рэгіёну краіны.

Каардынатар кааліцыі “За годнае даўгалецце” Вітаўт Руднік у сваім выступе сфакусаваўся на выкліках, якія стаяць сёння перад валанцёрскім рухам сталых людей.

Вітаўт Руднік:

Кольскасць людзей пенсійнага ўзросту ўжо сёння складае каля 25% і будзе працягваць хутка расці. Але ці будзе расці колькасць “срэбраных” валанцёраў, якая складае зараз па ацэнках навукова-даследчага інстытуту міністэрства працы, усяго каля 3%?

На думку Вітаўта, для таго, каб гэты паказчык рос, неабходна стымуляваць стварэнне новых грамадскіх арганізацый (у тым ліку арганізацый, заснаванымі самімі сталымі людзьмі), новых адукацыйных пляцовак кшталту універсітэтаў трэцяга веку, а таксама шырокае прызнанне валанцёрскай дзейнасці.

 

Вітаўт Руднік распавёў таксама пра дзейнасць актыўнага сябра кааліцыі – Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне“. З 2009 года гэтая арганізацыя падтрымала каля 170 праектаў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця былых ахвяраў нацысцкага рэжыму, а таксама іншых сталых людзей. Амаль у кожным трэцім з гэтых праектаў вялася актыўная валанцёрская праца.

На Злёце "срэбраных валанцёраў" Беларусі дзяліліся поспехамі і разважалі пра кропкі роста
Фота Кірыла Прапласкі

Выступоўца распавёў таксама пра дзейнасць валанцёраў гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку“: “Школу добрых справаў”, апеку над людзьмі з псіха-неўралагічнага дыспансэру, цяжкахворымі падапечнымі “Гродзенскага дзіцячага хоспісу і інш.”.

У заключнай частцы Злёту адбылося ўзнагароджанне лепшых валанцёраў і арганізацый, якія актыўна развіваюць валанцёрскі рух сталых людей.

Падзякі з рук міністра працы Ірыны Касцевіч атрымалі і две арганізацыі – сябры кааліцыі “За годнае даўгалецце”: міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне” (Мінск) і ГА “Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна). Падзякамі былі адзначаныя і некалькі валанцёраў з арганізацый, якія бяруць удзел у праграме “Месца сустрэчы: дыялог”, якая адмініструецца ў Беларусі “Узаемапаразуменнем”.

На Злёце "срэбраных валанцёраў" Беларусі дзяліліся поспехамі і разважалі пра кропкі роста
На сцэне Дома ветэранаў – уладальнікі падзяк ад Міністэрства працы. Фота Наталлі Хазяевай

Злёт быў арганізаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва пры дапамозе Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне” і быў прымеркаваны да Міжнароднага дня валанцёраў, які адзначаецца 5 снежня.