Пашырэнне доступу сталых людзей да атрымання актуальнай інфармацыі, звязанай з COVID-19, а таксама да атрымання важных для жыцця ў “новай рэальнасці” ведаў і ўменняў – на гэта накіраваная новая праграма “Цэнтру дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”.
У межах праграмы будзе падтрыманая арганізацыя курсаў і клубаў для сталых людзей (у тым ліку ў онлайн фармаце) у межах “Універсітэту Залатога Веку“, праведзеная Школа здаровага даўгалецця.
Адным з галоўных накірункаў праграмы стане праца валанцёрскай групы, якая будзе дапамагаць сталым людзям, якія ў час пандэміі апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.
Першая сустрэча валанцёрскай групы ў межах новай праграмы адбылася 25 лютага.
Удзельнікі сустрэчы спланавалі свае дзеянні на найбліжэйшы час і зараз будуць актыўна займацца пашырэннем складу групы і пошукам новых падапечных.
Некамерцыйная ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” была створаная ў Гродна ў 2014 г.
Арганізацыя ўжо мае багаты досвед працы ў інтарэсах сталых людзей: рэалізуе праграмы “Універсітэт Залатога Веку” і “Віртуальны Універсітэт Залатога Веку”, зладзіла некалькі буйных канферэнцый, прысвечаных актывізацыі сталых людзей, а таксама курсы па падрыхтоўцы да выхаду на пенсію.
“Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” з’яўляецца таксама адным з заснавальнікаў кааліцыі “За годнае даўгалецце”.