Карысныя веды і ўменні, абмен досведам, планаванне сумеснай дзейнасці, арыгінальныя інтэграцыйныя мерапрыемствы – усё гэта чакала ўдзельнікаў Акадэміі Лідэраў Залатога Веку, якая працавала 21-23 чэрвеня пад Слонімам.
Удзел у Акадэміі бралі каля 30 чалавек, якія прадстаўлялі ўніверсітэты залатога веку і іншыя грамадскія ініцыятывы для сталых людзей з Гродна, Кобрына, Мінска, Высокага, Бабруйска і Брэсцкага раёна.
Праца Акадэміі распачалася з уводзінаў у праграму і інтэрактыўнага знаёмства.
Сур’ёзным выпрабаваннем для ўдзельнікаў стала першае практыкаванне, у час якога неабходна было сумесна спланаваць стратэгію перахода праз “багну”.
Пасля паспяховага выканання практыкавання адбылася грунтоўная дыскусія пра тое, што такое лідэрства і якія лідэрскія кампетэнцыі варта развіваць у сябе тым, хто займаецца працай па актывізацыі сталых людзей.
Размова ішла пра ўменне пераконваць іншых люзей, слухаць іх пазіцыю, прымаць рашэнні, вызначаць мэты, планаваць сваю працу і г.д.
Першы дзень працы Акадэміі скончыўся блокам з 12 майстар-класаў, якія заявілі самі ўдзельнікі. На чатырох паралельных пляцоўках яны распавядалі пра досвед працы сваіх адукацыйных і культурніцкіх пляцовак, дзяліліся карыснымі ведамі і ўменнямі.
Так, Ірына Богдан з Мінска правяла майстар-клас пра эмацыйны інтэлект, Святлана Красная з Бабруйска размаўляла з удзельнікамі Акадэміі пра “Страхі, якія мы выбіраем”, а таксама пра тое, як спраўляцца з гэтымі страхамі.
Старшыня Рады УЗВ Ларыса Кіркевіч расказвала пра працу самакіравання Гродзенскага УЗВ, а таксама пра Школу добрых спраў.
Пра дзейнасць Мінскага ўніверсітэту трэцяга веку расказвала Валянціна Уловіч.
Вынікі працы краязнаўчай секцыі Кобрынскага Універсітэту Залатога Веку прадставіла Ірына Сіманава.
Студэнтка гарадзенскага УЗВ Тамара Герасіменка вучыла разбіраць і захоўваць хатнія рэчы паводле методыкі КанМары.
“Выкінуць і расхламіць – гэта розныя рэчы”, – кажа Тамара Герасіменка.
“Прыеду да дому і адразу пачну расхламляць рэчы”, – дзеліцца ўражаннямі ад майстар-класа Тамары ўдзельніца з Кобрына Ала Сапяжынская.
Другі дзень Акадэміі пачаўся з наведвання царквы Святога Архангела Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы.
Затым удзельнікі знаёміліся з міжнароднмі і нацыянальнымі ініцыятывамі, скіраванымі на забеспячэнне правоў і інтарэсаў сталых людзей.
Міжнародныя дакументы і інстытуты from Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар”
Асобны блок праграмы быў прысвечаны ўдасканаленню камунікацыйных уменняў.
Удзельнікі пазнаёміліся з асновамі эфектыўнай камунікацыі, а затым трэніраваліся карыстацца тэхнікай аргументацыі ўласнай пазіцыі.
Адной з самых важных частак адукацыйнай часткі Акадэміі стаў блок па планаванні сумеснай дзейнасці.
Ён распачаўся з таго, што кожны ўдзельнік прапанаваў уласныя ідэі таго, што можна было б зрабіць разам, каб палепшыць якасць жыцця сталых людзей.
Гучалі прапановы сумесных фестываляў, вандровак, стажыровак і іншых мерапрыемстваў.
Пасля імправізаванага кірмаша ідэй удзельнікі аб’ядналіся ў пяць груп, кожная з якіх распрацавала канцэпцыю ўласнага сумеснага праекта.
Так, сябры гарадзенскага УЗВ і сталічнага “Хэсэд-Рахамім” распрацавалі праект па абмену досведам сваёй працы па дапамозе маламабільным сталым людзям, па рэалізацыі іншых дабрачынных, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятыў.
Яшчэ адна група распрацавала канцэпцыю Фестывалю рэгіянальных культур.
Актывізацыя сталых людзей у сельскай мясцовасці стала мэтай праекту яшчэ адной групы.
Вечарам удзельнікаў чакала “Кінаакадэмія” – інтэграцыйнае мерапрыемства, якое дазволіла напоўніцу раскрыць творчыя здольнасці ўсіх сталых лідараў.
Аб’яднаныя ў тры “кінастудыі” удзельнікі атрымалі заданне паказаць 10-хвілінныя ўрыўкі з вядомых кінафільмаў, абыграўшы пры гэтым тэму лідэрства.
Галоўнай падзеяй заключнага дня працы Акадэміі стала абарона канцэпцый праектаў, распрацаваных удзельнікамі.
Затым адбылося падсумаванне вынікаў працы Акадэміі. Удзельнікі дзяліліся сваімі меркаваннямі адносна таго, як удасканаліць праграму Акадэміі, вынікамі свайго ўдзелу ў ёй.
На заканчэнне Акадэміі ўдзельнікаў чакала невялікія фотасесія.
Час, праведзены разам … не хацелася развітвацца.
Акадэмія Лідараў Залатога Веку была арганізаваная кааліцыяй “За годнае даўгалецце”, якая аб’дноўвае 8 беларускіх арганізацый і шэраг экспертаў, якія працуюць у сферы паляпшэння якасці жыцця сталых людзей. …
Арганізатары Акадэміі спадзяюцца, што яна стане традыцыйнай і будзе штогод збіраць тых, хто ладзіць адукацыйныя і культурніцкія пляцоўкі для сталых людзей, займаецца адстойваннем іх правоў і інтарэсаў.
Фота і відэа Віялеты Лось
Больш фота глядзіце па спасылцы.