Сталыя людзі рэгулярна сутыкаюцца з парушэннем сваіх правоў, а пандэмія COVID19, ад якой асабліва моцна пацярпелі менавіта сталыя людзі, пагоршыла ўжо існуючую няроўнасць.
У такой сітуацыі Рада ААН па правах чалавека заклікае ўсе дзяржавы забараніць усе формы дыскрымінацыі ў дачыненні да сталых людзей і забяспечыць рэалізацыю ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод сталых людзей ва ўсіх сферах жыцця.
У прынятай 7 кастрычніка бягучага года рэзалюцыі адзначаецца, што сталыя людзі пакутуюць ад эйджызма, які можа быць звязаны са стэрэатыпамі і перадузятымі стаўленнямі, дыскрымінацыйнымі дзеяннямі, мовай варожасці ў дачыненні да сталых людзей.
Супрацьстаяць гэтаму павінны ўзгодненыя дзеянні ўрадаў, міжнародных арганізацый, арганізацый грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектару, заснаваныя на канцэпцыі правоў чалавека.
Аўтары Рэзалюцыі заклікаюць таксама дзяржавы забяспечыць лепшае інфармаванне сталых грамадзян, чыноўнікаў, бізнесменаў, іншых зацікаўленых асобаў пра прычыны і наступствы дыскрымінацыі, магчымасці прававой абароны.
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заклікана падрыхтаваць даклад пра нарматыўныя стандарты і абавязальніцтвы па міжнароднаму праву ў дачыненні да абароны правоў чалавека сталых людзей і далучыць да абмеркавання гэтага даклада саміх сталых людзей, экспертаў па правах чалавека, нацыянальныя праваабарончыя арганізацыі, акадэмічныя ўстановы ды іншых зацікаўленых асобаў.
З поўнай версіяй Рэзалюцыі можна пазнаёміцца па спасылцы.