У Беларусі пачынаецца Тыдзень годнага даўгалецця

Навіны → 28 верасня 2020

Не пакінуць анікога ў адзіноце! Пад такім лозунгам у Бабруйску, Гродна, Мінску, Наваградку, Наваполацку і шэрагу іншых гарадоў Беларусі пройдуць мерапрыемствы Тыдня, ініцыяванага кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.

Знаёмім з заяўленымі на гэты момант у праграму Тыдня мерапрыемствамі.

Гродна: прэзентацыі УЗВ

У Гродна ў межах Тыдня з 28 верасня да 2 кастрычніка штодзённа будуць адбывацца прэзентацыі “Універсітэту Залатога Веку“.

Сёлета гэтая адукацыйная пляцоўка прапануе сталым гарадзенцам больш за 40 розных курсаў і клубаў, а таксама цэлы шэраг іншых мерапрыемстваў, накіраваных на інтэлектуальную, сацыяльную, фізічную актывізацыю сталых людзей, а таксама прасоўванне іх правоў і інтарэсаў.

Прэзентацыі гарадзенскага УЗВ будуць праходзіць на гэтым тыдні штодня ў 11.00 і 15.00.

Прэзентацыі арганізаваныя сябрамі кааліцыі – грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і некамерцыйнай установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“.

Мінск: Бяспека сталых людзей 2020-2021

Семінар для спецыялістаў з арганізацый-грантаатрымальнікаў правядуць у межах Тыдня супрацоўнікі міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне“.

Удзельнікі трэнінга будуць вучыцца працаваць з такімі пытаннямі, як неўратызацыя сталых людзей, стварэнне псіхалагічна бяспечнага асяроддзя для сталага чалавека ў сям’і, арганізацыя тэлефоннай псіхалагічнай падтрымкі сталых людзей у стане панікі, алгарытм працы валанцёраў са сталымі людзьмі ў час ізаляцыі, выкліканай пандэміяй.

Семінар будзе праходзіць 29-30 верасня.

Мінск: даць кнізе другое жыццё

Прэзентацыя пяцігадовага юбілея ўдзельнікаў валанцёраў сталічнага “Універсітэту Трэцяга Узросту” у сацыяльным праекце «Кнізе другое жыццё» адбылася 25 верасня ў мінскай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

У час сустрэчы былі падведзеныя вынікі ўдзелу сталых валанцёраў у гэтым праекце, абмеркаваныя перспектывы развіцця валанцёрскага руху, які дзейнічае на базе Універсітэта ўжо 5 гадоў.

Наваградак: пешаходная экскурсія для сталых людзей

Уключыць сталых людзей горада ў вывучэнне гісторыі малой радзімы, у развіццё кірункаў “вусная гісторыя” і “памяць” – такую мэту ставяць перад сабой супрацоўнікі Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея, якія ладзяць гэтую экскурсію.

Экскурсія пачнецца ў 11.00 29 верасня.

Наваполацк: майстар-клас па маляванні

Маляваць у тэхніцы простага алоўка і акварэлі будуць вучыцца сталыя людзі, якія наведаюць майстар-клас “Падмалёвак” гуртка мастацкай творчасці “Атмасфера мастацтва”.

Удзельнікі гэтых заняткаў змогуць атрымаць станоўчыя эмоцыі: радасць творчасці, захапленне цела ад судотыку з алоўкам і фарбамі, з мастацтвам ў новай тэхніцы малявання.

Мерапрыемства арганізавана аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту дзяржаўнай установы “Наваполацкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.

Майстар-клас пачнецца 28 верасня ў 13.00.

Бабруйск: адкрыццё новага сезону “Акадэміі 55+”

Пазнаёміцца з арганізатарамі і выкладчыкамі Акадэміі, праграмай заняткаў на 2020-2021 гг. змогуць сталыя жыхары Бабруйска, якія падалі сёлета заяўкі на ўдзел у занятках гэтай адукацыйнай пляцоўкі для сталых людзей.

Святочная сустрэча, прысвечаная пачатку новага навучальнага года Акадэміі, пачнецца ў 15.00 30 верасня.

Кобрын: прэзентацыя Універсітэту Залатога Веку

Прадстаўленне вынікаў пяці гадоў працы кобрынскага УЗВ адбудзецца 2 кастрычніка на раённым сходзе педагогаў.

Асобна будзе прэзентаваны досвед дзейнасці гісторыка-краязнаўчай секцыі УЗВ “Кобрынскі ключ” па вывучэнні гісторыі роднага краю і папулярызацыі кнігі “Карані і кароны”. Гэтае выданне, прысвечае гісторыі Кобрына першай паловы 20 ст., падрыхтаванае ўдзельнікамі секцыі.

Мерапрыемства арганізавана грамадскім аб’яднаннем “Клуб дзелавых жанчын “Бона”, якое з’яўляецца сябрам кааліцыі “За годнае даўгалецце”.

Баранавічы: дабрачынная акцыя

Грамадскае аб’яднанне “Баранавіцкі клуб дзелавых жанчын “Прэстыж” сумесна з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання Баранавіцкага раёна з 2 па 7 кастрычніка правядзе дабрачынную гігіенічную акцыю.

Прадстаўнікі ваеннага пакалення Баранавіцкага раёна, якія пражываюць у вёсках атрымаюць па месцы свайго жыхарства бязвыплатна пасцельную бялізну, якая была пашыта валанцёрамі “Баранавіцкага клубу дзелавых жанчын “Прэстыж” за ўласныя сродкі.

Спіс мерапрыемстваў Тыдня годнага даўгалецця будзе дапаўняцца.