Як зрабіць, каб голас сталых людзей улічваўся пры прыняцці важных рашэнняў на мясцовым і нацыянальным узроўнях? Такое пытанне абмяркоўвалася ў час працы адной з секцый Форума “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”.
Мадэратаркай секцыі была Лана Руднік (“Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“, Гродна).
Дыскусія распачалася з выступу Ульрыха фон Дройшэ, актывіста Рады сталых людзей нямецкага горада Арнсберг.
У склад Рады ўваходзяць 38 чалавек з усіх мікрараёнаў горада. Заявіцца ў якасці кандыдата можа любы жыхар горада, якому споўнілася 55 год.
Сябры Рады уваходзяць у склад розных камітэтаў гарадскога самакіравання: па сацыяльных паслугах, культуры, спорту і турызму, планаванні і будаўніцтву і г.д.
Па словах эксперта, гэта прымушае мясцовых чыноўнікаў заўсёды помніць пра інтарэсы сталых людзей.
Ульрых фон Дройшэ: Тое, што мы старэем – прадухіліць немагчыма. А вось як мы старэем – гэта ўжо залежыць і ад нас саміх.
Пра досвед арганізацыі мерапрыемстваў па разгрузцы людзей, якія даглядаюць за сваімі блізкімі, распавёў мэр украінскага горада Первамайскі Мікалай Бакшэяў.
Яшчэ адна экспертка з Украіны – Яўгенія Абрамава, прадставіла мадэль “Актыўны грамадзянін”, якая паспяхова дзейнічае ў Адзесе.
Вынікам працы секцыі сталі рэкамендацыі па павышэнні ўдзелу сталых людзей у прыняцці рашэнняў і арганізацыі працы мясцовых уладаў па рэагаванні на патрэбы сталых людзей і іх блізкіх.
Вось некаторыя з іх:
- Стварыць незалежныя кансультатыўныя Рады сталых людзей пры ямсцовых ворганах улады. Сябры гэтых Радаў павінны абірацца супольнасцю, а не прызначацца.
- Стварыць больш даступным прадстаўленне адміністрацыйных паслуг онлайн (напрыклад, стварыць магчымасць пакідаць заяўкі онлайн).
- Адаптаваць усе сервісы з улікам патрэбаў сталых людзей (напрыклад, прыбраць аўтаадказчыкі, забяспечыць магчымасць сустрэчы з натарыюсам у хаце і інш.).
- Адаптаваць да беларускіх умоваў мадэль “Актыўны грамадзянін”.
- Стварыць на базе мясцовага самакіравання грамадскі бюджэт, сродкі ў межах якога маглі б размярковацца і на праекты на карысць сталых людзей.
- Стымуляваць падатковыя ільготы для арганізацый, якія рэалізуюць праекты для сталых людзей.
- Прадугледзіць онлайн-паслугі для люзей, якія даглядаюць за сталымі людзьмі (кансультаванне, псіхалагічная падтрымка).
- Распрацаваць інфармацыйныя кампаніі, накіраваныя на актывізацыю сталых люзей і іх уключэнне ў працэсы прыняцця рашэнняў.
Поўны пакет прапановаў, распрацаваных удзельнікамі гэтай і іншых секцый, якія працавалі ў межах Форума, будзе дасланы ў Міністэрства працы, якое займаецца зараз распрацоўкай праекта нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце – 2030”.
Форум “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў” адбыўся 1-2 кастрычніка ў Мінску і быў арганізаваны кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.
Чытайце таксама:
“На гэтым сацыяльным полі працы хопіць усім”. У Мінску праходзіць Форум годнага даўгалецця
Жыць і сталець годна: знаёмім з матэрыяламі Форума “Годнае даўгалецце”
Праект Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце-2030” быў прадстаўлены ў Мінску
Форум “Годнае даўгалецце”: каментуюць арганізатары і эксперты
Як зрабіць, каб голас сталых людзей быў пачуты: досвед Германіі
Як ўспрымаюць сябе сталыя беларусы і як іх саміх успрымае грамадства?
Фотасправаздачу з Форума глядзіце тут.
Фота Антона Сурапіна