Дарагія калегі, сябры, партнёры! Шчыра віншуем вас з навагоднімі святамі! Зычым усім моцнага здароўя, адчыненых межаў, вольнага паветра!
Адыходзячы год стаў адным з самых складаных у найноўшай гісторыі нашай краіны. Асабліва для сталых людзей.
Пандэмія моцна падарвала здароўе многіх, мы гублялі сваіх блізкіх і сяброў, сувязі з роднымі, магчымасці навучацца і падарожнічаць у звыклым фармаце.
Беспрэцэдэнтныя па сваім маштабе рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, якія імкнуліся бараніць элементарныя правы чалавека, нанеслі яшчэ адзін страшны ўдар па беларусах. І тут сталыя людзі таксама пацярпелі вельмі моцна, перажываючы за сваіх затрыманых ўнукоў, дзяцей, сяброў і знаёмых.
Трывога і страх, недавер і расчараванне, горыч стратаў і пачуццё бездапаможнасці – усяго гэтага ў 2020 годзе было звыш усялякіх нормаў.
Але былі і неверагодныя прыклады салідарнасці і мужнасці, праяваў дабрыні і спагады адзін да аднаго, хуткай перабодудовы навучальных і іншых праграм у адпаведнасці з новымі рэаліямі.
Мы ганарымся, што сябры кааліцыі “За годнае даўгалецце” не пакінулі сталых людзей, разам з якімі яны працавалі, сам на сам з бядой.
Нашыя арганізацыі ўжо з красавіка пачалі праводзіць для сталых людзей заняткі ў фармаце онлайн, арганізавалі дзясяткі дабрачынных акцый.
Ды і самі сталыя людзі – удзельнікі нашых праграм, актыўна ўключыліся ў валанцёрскія акцыі па дапамозе медыкам, якім у першай палове года часта не хапала элементарных сродкаў індывідуальнай абароны.
Мы маем вялікія планы на 2021 год!
Акадэмія Лідэраў Залатога Веку і другі Форум “Годнае даўгалецце”, навучальныя візіты ў Украіну і Германію, нацыянальная праграма стажыровак, Open Space ў Бабруйску, Кобрыне, Гродна і Мінску, напаўненне Мапы годнага даўгалецця, выданне дапаможніка “Як зрабіць свой горад прыязным для сталых людзей”, праграма медыяпісьменнасці Senior Sapience – гэта няпоўны пералік справаў, якія мы запланавалі на Новы год.
Таму развітваемся без вялікіх шкадаванняў з 2020-м і ўступаем з вялікімі надзеямі ў 2021!
З Новым годам і Калядамі!