З’явілася новая версія праекта Нацыянальнай стратэгіі

Навіны → 28 жніўня 2019

Цяпер дакумант мае назву “Годнае даўгалецце – 2030”.

У праекце Стратэгіі ўлічаныя многія з прапановаў, якія былі падрыхтаваныя сябрамі кааліцыі “За годнае даўгалецце”.

Беларусь з’яўляецца адной з нямногіх краін нашага рэгіёну, у якіх дагэтуль не было ўласнай нацыянальнай праграмы дзеянняў ва ўмовах хуткага старэння насельніцтва.

На пачатак 2019 года доля сталых грамадзян (ва ўзросце ад 60 год і вышэй) складала ў краіне амаль 23%, а ў вёсцы – ажно 32%.

Мэтай Стратэгіі, на думку яе распрацоўшчыкаў, павінна стаць фармаванне грамадства для людзей усіх узростаў, стварэнне ўмоваў для рэалізацыі патэнцыялу сталых людзей, паляпшэння якасці іх жыцця праз сістэмную адаптацыю дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да старэння насельніцтва.

У выпадку паспяховай рэалізацыі стратэгіі чакаецца, што сярэдняя працягласць жыцця беларусаў вырасце да 83 год (80 год у мужчын і 86 год у жанчын), што не менш за 25% сталых людзей будуць занятыя на рынку працы, а таксама ўдзельнічаць у працы прафсаюзных, грамадскіх і палітычных арганізацый, што не менш за 65% сталых людзей хоць раз у тыдзень будуць карыстацца інтэрнэтам.

Узгадненне гэтай версіі праекта Стратэгіі будзе доўжыцца да 3 верасня. Затым дакумант будзе накіраваны на разгляд дэпутатам парламенту.