“За намі людзі, якія маюць да нас давер”

Навіны → 7 чэрвеня 2021

Адбылася сустрэча прадстаўнікоў сябраў Кааліцыі. Галоўнай мэтай сустрэчы, якая прайшла ў гібрыдным фармаце – часткова аффлайн, часткова анлайн, – быў адказ на пытанне аб тым, як кааліцыя “За годнае даўгалецце” можа ўключыцца ў рэалізацыю Нацыянальнай стратегіі “Актыўнае даўгалецце-2030”.

Але перад тым, як планаваць свой унёсак у агульную справу на карысць сталых людзей, упэўненыя сябры Кааліцыі, варта “спраўдзіць гадзіннікі” – зразумець актуальны стан НГА і ініцыятыў, якія працуюць у галіне сацыяльнай абароны, аб’ектыўна ацаніць рэсурсы (як матэрыяльныя, так і чалавечыя), вызначыцца з некалькімі прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці на бліжэйшы час.

“За намі людзі, яны маюць да нас давер, – адзначыла адна з удзельніц сустрэчы. – Таму мы гатовыя працягваць гэтую працу, нягледзячы на тыя змены, якія сёння адбыліся ва ўладзе. Будзем шукаць новыя падыходы”.

Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся ўзгадніць інтарэсы і выпрацаваць агульную пазіцыю ў дачыненні да супрацы з дзяржаўнымі органамі і інстытуцыямі.

Таму было прынята рашэнне арганізаваць дадатковую сустрэчу, каб узгадніць пазіцыі арганізацый па гэтым пытанні, а таксама вызначыць прыярытэтныя для Кааліцыі мэты дзейнасці ў кантэксце рэалізацыі акрэсленых у Нацыянальнай стратэгіі задач.

Дарэчы, на думку прысутных, адной з самых моцных і рухомых сіл такой супрацы на карысць сталых могуць стаць тыя універсітэты трэцяга ўзросту, якія ўжо працуюць у розных кутках Беларусі.

“Гэта тыя пляцоўкі, якія ня проста рэальна існуюць, але і вельмі прафесійна працуюць”, – адзначыла падчас сустрэчы кіраўніца МГА “Узаемаразуменне” Анжаліка Аношка.

Удзел у сустрэчы бралі таксама прадстаўнікі ЮНФПА, Праграмы падтрымкі Беларусі і Школы журналістыкі ІББ.