Сталыя беларусы перажываюць сёння цяжкія часы. Доўгія месяцы ізаляцыі з-за пандэміі, цяжкасці з атрыманнем медычнай і сацыяльнай дапамогі, спыненне заняткаў у межах розных адукацыйных пляцовак, трывога ў сувязі з напружанай сітуацыі ў краіне – усё гэта вельмі моцна адбіваецца на стане фізічнага і псіхічнага здароўя сталых людзей, іх матэрыяльным дабрабыце.
Мы, арганізацыі і эксперты, аб’яднаныя ў кааліцыі “За годнае даўгалецце”, праводзім з 28 верасня да 4 кастрычніка Тыдзень годнага даўгалецця і запрашаем ўсе зацікаўленыя бакі далучыцца да нас!
Мэтамі Тыдня з’яўляюцца:
- прыцягненне ўвагі грамадскасці да патрэбаў і найбольш вострых праблем, якія хвалююць зараз сталых людзей;
- абмеркаванне магчымых дзеянняў і рашэнняў у адказ на гэтыя патрэбы і праблемы;
- паляпшэнне інфармаванасці сталых людзей пра магчымасці атрымання сацыяльнай, медыцынскай, псіхалагічнай ды іншай падтрымкі, а таксама пра магчымасці ўдзелу ў рознага кшталту адукацыйных праграмах;
- дэманстрацыя патэнцыялу арганізацый грамадзянскай супольнасці, дзяржаўных ды акадэмічных арганізацый ў сферы паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей, а таксама ўмацаванне кааперацыі паміж гэтымі арганізацыямі;
- павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, якія займаюцца дапамогай сталым людзям, а таксама абмен досведам працы паміж гэтымі спецыялістамі.
Праграма Тыдня будзе складацца з агульнанацыянальных і рэгіянальных мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца ў офлайн і онлайн фарматах і будуць адрасаваныя сталым людзям, спецыялістам, прадстаўнікам грамадскасці, зацікаўленым у паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей.
Мерапрыемствы Тыдня могуць быць арганізаваныя як сябрамі кааліцыі, так і іншымі зацікаўленымі бакамі.
Магчымыя віды мерапрыемстваў: канферэнцыі, круглыя сталы, прэзентацыі, дыскусіі, кінапрагляды, выставы, конкурсы, трэнінгі, майстар-класы і інш.
Каб заявіць сваё мерапрыемства да ўдзелу ў Тыдні, трэба запоўніць да 22 верасня простую форму заяўкі, пасля атрымання якой заяўленыя вамі мерапрыемствы будуць дададзеныя ў каляндар і праграму Тыдня.
Чаму варта заявіць сваё мерапрыемства ў праграму Тыдня?
Па-першае, гэта выдатная магчымасць прадэманстраваць разам з іншымі арганізацыямі актуальнасць і важнасць працы па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей, абароны і прасоўвання іх правоў і інтарэсаў.
Па-другое, гэта магчымасць пашырыць аўдыторыю сваіх праграм і праектаў, прадэманстрваць свой патэнцыял і знайсці новых партнёраў!
Па-трэцяе, гэта магчымасць бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю кааліцыі “За годнае даўгалецце”, а ў будучым – далучыцца да яе дзейнасці!
Па-чацьвёртае, вы атрымаеце інфармацыйную падтрымку сваіх мерапрыемстваў, доступ да базы звестак пра ўдзельнікаў Тыдня.
Пра кааліцыю
Кааліцыя “За годнае даўгалецце” была заснаваная ў лістападзе 2018 года. У яе склад уваходзяць арганізацыі і эксперты, якія актыўна працуюць у сферы павышэння якасці жыцця сталых людзей, абароны іх правоў і інтарэсаў.
Сябры кааліцыі на працягу 2019 г. бралі актыўны ўдзел у распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце – 2030” (чатыры прадстаўнікі кааліцыі бралі удзел у дзейнасці створанай пры Міністэрстве працы Працоўнай групы па распрацоўцы стратэгіі).
21-23 чэрвеня 2019 г. кааліцыя арганізавала Акадэмію Лідэраў Залатога Веку для актывістаў самакіраванняў універсітэтаў трэцяга веку і іншых пляцовак па актывізацыі сталых людзей.
1-2 кастрычніка 2019 г. кааліцыяй быў праведзены першы беларускі Форум “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, удзел у якім узялі больш за 200 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Германіі, Ізраіля, Казахстана, Расіі, Украіны, Швайцарыі, Аўстрыі, Швецыі.
Падрабязней пра кааліцыю і яе дзейнасць можна пачытаць на сайце coalition-aging.org
Дадатковую інфармацыю пра Тыдзень і магчымасць удзелу ў ім можна атрымаць у каардынатара кааліцыі Вітаўта Рудніка (coalition.aging@gmail.com).