Абвяшчаецца конкурс на стварэнне онлайн курсаў і вучэбных відэа для Віртуальнага Універсітэту Залатога Веку

Навіны партнёраў → 21 верасня 2020

Пашырэнне доступу сталых людзей да атрымання запатрабаваных імі ведаў і ўменняў, неабходных для жыцця ў сучасным грамадстве – такую мэту мае конкурс новай адукацыйнай пляцоўкі для сталых людзей, створаная на базе гарадзенскага “Універсітэт Залатога Веку”.

Вось што кажуць пра ўмовы конкурсу яе арганізатары:

“У межах конкурсу вітаюцца заяўкі на стварэнне онлайн курсаў і кароткіх (да 10 хв.) навучальных відэа па такіх тэмах, як медыяграматнасць (уменне шукаць інфармацыю, спраўджваць яе праўдзівасць, бяспечна карыстацца сацыяльнымі сеткамі і рознымі онлайн сервісамі (у тым ліку аплаты розных паслугаў, напісання зваротаў і петыцый), кампутарная граматнасць, прававая граматнасць, вывучэнне беларускай і замежных моваў, гісторыя, псіхалогія, падтрымка здароўя”.

Лепшыя з заяўленых на конкурс курсаў і відэа будуць прафінансаваныя і размешчаныя на сайце Віртуальнага Універсітэту.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе ў вольнай форме неабходна дасылаць да 15 кастрычніка 2020 г. на адрас uzv.hrodna@gmail.com

У заяўцы трэба апісаць:

  • назву курса альбо відэа
  • апісанне вынікаў курса/прагляду відэа: веды, уменні, змены ў стаўленні
  • змест курса (пералік тэмаў) альбо відэа
  • інфармацыю пра аўтараў
  • іншую інфармацыю, якая дазволіць лепш зразумець мэты, змест, структуру, чакаемыя вынікі

Дадатковую інфармацыю пра ўмовы конкурса можна запытваць па пазначаным вышэй электронным адрасе.

Пра Віртуальны Універсітэт Залатога Веку:

Гэта адукацыйная пляцоўка для сталых людзей, якія імкнуцца атрымліваць важныя для жыцця ў сучасным грамадстве веды і ўменні, развівацца і самарэалізоўвацца, быць карыснымі грамадству.

На гэтай пляцоўцы будуць змяшчацца онлайн курсы, запісы вэбінараў і прамыя трансляцыі розных адукацыйных мерапрыемстваў, карысныя відэа і публікацыі, а таксама навіны пра розныя адукацыйныя магчымасці, якія ствараюць арганізатары альбо іх партнёры.