Свае першыя онлайн-заняткі сябры Акадэміі правядуць 5 траўня.
Зараз шмат адукацыйных праектаў сышлі ў онлайн, – кажуць сябры кааліцыі Алег і Святлана Красныя. – І ідэя перавесці заняткі менавіта ў такім фармаце ў нашай Акадэміі была відавочнай.
У нас не было людзей, гатовых ажыццявіць тэхнічную частку праекта, але Тайм-клуб “1387” пад кіраўніцтвам Наталлі Халанскай, згадзіўся дапамагчы нам у гэтым.
Плюс да гэтага мы даведаліся аб онлайн-занятках ва “Універсітэце Залатога Веку” у Гродна і далучыліся да іх. Спачатку, як слухачы, а затым і ў якасці вядучых.
Гэта яшчэ больш умацавала наша жаданне зрабіць тое ж самае ў Бабруйску.
Мы плануем праводзіць нашы заняткі ў выглядзе лекцый, майстар-класаў, інтэрактыўных заняткаў.
Тэмы будуць розныя: краязнаўства, мастацтва, медыяпісьменнасць, псіхалогія, здаровы лад жыцця. З мая да верасня плануем праводзіць па 8 заняткаў у месяц.
Распаўсюджваць інфармацыю пра заняткі будзем праз рэкламу на старонках у Фэйсбуку і Інстаграме, а таксама ў групах у Вайберы.
Якія станоўчыя бакі дыстанцыйнага навучання Вы бачыце?
Найперш – даступнасць:
– больш танны кошт (няма патрэбы ў арэндзе памяшканняў, абсталявання);
– менш дадатковых выдаткаў (пераезды, пражыванне, харчаванне па-за домам і г.д.);
– больш магчымасцяў для розных груп (людзі з абмежаванымі магчымасцямі, маладыя сем’і з дзецьмі, сталыя людзі, жыхары аддаленых раёнаў).
Аднак хапае і мінусаў, асабліва актуальных для нашай аўдыторыі:
– адсутнасць прамых асабістых зносін. Адна з галоўных мэт Акадэміі – барацьба з адзінотай. Зносіны онлайн для людзей гэтага пакалення не з’яўляюцца паўнавартаснымі.
– немагчымасць правядзення вялікага спектру заняткаў: смарт-школ, танцаў, розных майстар класаў;
– слабое валоданне інтэрнэт-тэхналогіямі і цяжкасці ў іх самастойным вывучэнні.
Што тычыцца плюсаў, то асабіста для нас: з’явілася больш часу для ацэнкі праведзенай і будучай працы, навядзення парадку ў справах і думках, сістэматызацыі назапашанага матэрыялу, распрацоўкі новых ідэй і праектаў, а таксама больш часу пабыць разам.
Мы за разнастайную адукацыю ў залежнасці ад сітуацыі. Стацыянарная адукацыя мае цэлы шэраг бясспрэчных пераваг, але дыстанцыйнае навучанне можа быць больш даступным і мабільным.
– Як Вы ацэньваеце першыя вынікі працы Акадэміі 50+?
Старт Акадэміі лічым паспяховым!
– колькасць студэнтаў перавысіла чаканні;
– за першы семестр ніхто не сышоў;
– адна студэнтка перайшла ў разрад выкладчыкаў;
– студэнты са слухачоў ператвараюцца ў актыўных удзельнікаў. У прыватнасці, закрыццё першага семестра (супала з Масленіцай) было цалкам падрыхтавана і праведзена самімі студэнтамі;
– з малазнаёмых людзей ствараецца супольнасць. Студэнты падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць, сустракаюцца па-за заняткамі Акадэміі, праводзяць разам час, сустракаюць святы, разам вандруюць.
Нашы планы шмат у чым звязаныя з працай Акадэміі 50+ і ўдзелам у іншых адукацыйных праектах. Спадзяёмся, што неўзабаве сітуацыя зменіцца, і можна будзе нашу дзейнасць у поўным аб’ёме.
Бабруйская “Акадэмія 50+” была заснаваная ў снежні 2019 г. Стваральнікі Акадэміі ўваходзяць у склад кааліцыі “За годнае даўгалецце”.