Бабруйская “Акадэмія 50+” часова пераходзіць ва онлайн-фармат

Навіны → 4 мая 2020

Свае першыя онлайн-заняткі сябры Акадэміі правядуць 5 траўня.

Зараз шмат адукацыйных праектаў сышлі ў онлайн, – кажуць сябры кааліцыі Алег і Святлана Красныя. – І ідэя перавесці заняткі менавіта ў такім фармаце ў нашай Акадэміі была відавочнай.

Бабруйская "Акадэмія 50+" часова пераходзіць ва онлайн-фармат
Стваральнікі “Акадэміі 50+”

У нас не было людзей, гатовых ажыццявіць тэхнічную частку праекта, але Тайм-клуб “1387” пад кіраўніцтвам Наталлі Халанскай, згадзіўся дапамагчы нам у гэтым.

Плюс да гэтага мы даведаліся аб онлайн-занятках ва “Універсітэце Залатога Веку” у Гродна і далучыліся да іх. Спачатку, як слухачы, а затым і ў якасці вядучых.

Бабруйская "Акадэмія 50+" часова пераходзіць ва онлайн-фармат
Алег расказвае пра габрэйскі Бабруйск на онлайн лекцыі ва УЗВ

Гэта яшчэ больш умацавала наша жаданне зрабіць тое ж самае ў Бабруйску.

Мы плануем праводзіць нашы заняткі ў выглядзе лекцый, майстар-класаў, інтэрактыўных заняткаў.

Тэмы будуць розныя: краязнаўства, мастацтва, медыяпісьменнасць, псіхалогія, здаровы лад жыцця. З мая да верасня плануем праводзіць па 8 заняткаў у месяц.

Распаўсюджваць інфармацыю пра заняткі будзем праз рэкламу на старонках у Фэйсбуку і Інстаграме, а таксама ў групах у Вайберы.

Якія станоўчыя бакі дыстанцыйнага навучання Вы бачыце?

Бабруйская "Акадэмія 50+" часова пераходзіць ва онлайн-фармат
Святлана і Алег Красныя на Форуме “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”

Найперш – даступнасць:

– больш танны кошт (няма патрэбы ў арэндзе памяшканняў, абсталявання);

– менш дадатковых выдаткаў (пераезды, пражыванне, харчаванне па-за домам і г.д.);

– больш магчымасцяў для розных груп (людзі з абмежаванымі магчымасцямі, маладыя сем’і з дзецьмі, сталыя людзі, жыхары аддаленых раёнаў).

Аднак хапае і мінусаў, асабліва актуальных для нашай аўдыторыі:

– адсутнасць прамых асабістых зносін. Адна з галоўных мэт Акадэміі – барацьба з адзінотай. Зносіны онлайн для людзей гэтага пакалення не з’яўляюцца паўнавартаснымі.

– немагчымасць правядзення вялікага спектру заняткаў: смарт-школ, танцаў, розных майстар класаў;

– слабое валоданне інтэрнэт-тэхналогіямі і цяжкасці ў іх самастойным вывучэнні.

Што тычыцца плюсаў, то асабіста для нас: з’явілася больш часу для ацэнкі праведзенай і будучай працы, навядзення парадку ў справах і думках, сістэматызацыі назапашанага матэрыялу, распрацоўкі новых ідэй і праектаў, а таксама больш часу пабыць разам.

Мы за разнастайную адукацыю ў залежнасці ад сітуацыі. Стацыянарная адукацыя мае цэлы шэраг бясспрэчных пераваг, але дыстанцыйнае навучанне можа быць больш даступным і мабільным.

– Як Вы ацэньваеце першыя вынікі працы Акадэміі 50+?

Старт Акадэміі лічым паспяховым!

Бабруйская "Акадэмія 50+" часова пераходзіць ва онлайн-фармат
Студэнты “Акадэміі 50+” ствараюць шэдэўры

– колькасць студэнтаў перавысіла чаканні;

– за першы семестр ніхто не сышоў;

– адна студэнтка перайшла ў разрад выкладчыкаў;

– студэнты са слухачоў ператвараюцца ў актыўных удзельнікаў. У прыватнасці, закрыццё першага семестра (супала з Масленіцай) было цалкам падрыхтавана і праведзена самімі студэнтамі;

– з малазнаёмых людзей ствараецца супольнасць. Студэнты падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць, сустракаюцца па-за заняткамі Акадэміі, праводзяць разам час, сустракаюць святы, разам вандруюць.

Нашы планы шмат у чым звязаныя з працай Акадэміі 50+ і ўдзелам у іншых адукацыйных праектах. Спадзяёмся, што неўзабаве сітуацыя зменіцца, і можна будзе нашу дзейнасць у поўным аб’ёме.

Бабруйская “Акадэмія 50+” была заснаваная ў снежні 2019 г. Стваральнікі Акадэміі ўваходзяць у склад кааліцыі “За годнае даўгалецце”.