Аднавіць актыўную адукацыйную працу ў офлайн фармаце плануюць бабруйская “Акадэміі 50+” і Кобрынскі “Універсітэт Залатога Веку”.
Напярэдадні новага сезону ў “Акадэміі 50+” прайшлі прэзентацыі заняткаў, якія пачнуцца ўжо з кастрычніка.
На прэзентацыі прыйшлі не толькі патэнцыйныя студэнты, але і ўдзельнікі першага сезона “Акадэміі”, якія падзяліліся ўражаннямі ад заняткаў і выказалі жаданне навучацца далей.
Вось што кажуць пра бабруйскую “Акадэмію” яе стваральнікі Алег і Святлана Красныя:
Гэта не забаўка, а магчымасць атрымаць новыя веды, якія можна выкарыстоўваць на практыцы, – кажуць Святлана і Алег Красныя. – Напрыклад, на курсах “Хімія здароўя” і на ёзе студэнты змогуць пазнаёміцца са сваім арганізмам, даведацца, што асабіста для кожнага з’яўляецца карысным, а што не.
“Смартшкола” дазволіць навучыцца карыстацца смартфонам, даведацца ўсе яго карысныя функцыі.Таксама ў Акадэміі будуць дзейнічаць заняткі па танцах, гісторыі, арт-тэрапіі, мастацтве і беларускай мове.
Некаторыя напрамкі ў нас лімітаваныя, – кажуць стваральнікі, – набор не больш за 10 чалавек у групу: танцы, ёга, смартшкола, арт-тэрапія. Колькасць слухачоў на астатнія курсы не абмежавана.
Набор у Акадэмію працягваецца да канца верасня.
Што такое “Акадэмія 50+”?
Гэта адукацыйная пляцоўкадля людзей ва ўзросце 50 гадоў і больш, створаная ў канцы 2019 года ў Бабруйску. Арганізатары Акадэміі не робяць жорсткіх абмежаванняў па ўзросце, і, калі чалавеку 45 – ён таксама смела можа запісвацца.
Гэта не закрыты “клуб па інтарэсах”, дзверы адкрыты для ўсіх – кажуць арганізатары Акадэміі.
Кобрынскі “Універсітэт Залатога Веку” аднаўляе працу
Традыцыйна ў нашым Універсітэце перад пачаткам навучальнага года праходзіць паседжанне Рады УЗВ. Сёлета такая сустрэча адбылася 17 верасня, – кажа дырэктар Універсітэту Ала Сапяжынская.
– На паседжанні мы падвялі вынікі 5-ага акадэмічнага года і спланавалі дзейнасць на новы навучальны сезон.
У сувязі з пандэміяй у нас не атрымалася адсвяткаваць выпуск нашага пятага юбілейнага сезону, пагэтаму мы плануем на адкрыццё, якое будзе ў сярэдзіне кастрычніка, зрабіць відэа-прэзентацыю – падарунак для нашых студэнтаў і выкладчыкаў.
Таксама ў планах зрабіць фотавыставу пра наш УЗВ, – кажа Ала.
На будучы акадэмічны год арганізатарамі кобрынскага Універсітэту Залатога Веку запланавана 8 секцый, сярод якіх вакальная, тэатральная, гістарычная, секцыя па здароўю і іншыя.
Запіс студэнтаў праходзіць даволі актыўна, – кажа Ала.
– Мы раздаём улёткі, друкуем плакаты, але калі студэнты прыводзяць да нас сваіх знаёмых, сяброў – такі “ланцужок” больш эфектыўны – усміхаецца Ала.
На думку арганізатараў Кобрынскага УЗВ, студэнтам вельмі хочацца мець больш жывых зносін і таму прынята рашэнне аднавіць заняткі ў офлайн фармаце.
Актыўны запіс студэнтаў на новы навучальны год ідзе і ў гарадзенскім “Універсітэце Залатога Веку“, на базе якога сёлета будзе працаваць і Віртуальны ўніверсітэт для сталых людзей.