Як сталыя жыхары нямецкага Арнсбергу дапамагаюць мігрантам

Навіны → 8 лістапада 2021

Жыць не толькі для сябе, але і дапамагаць тым, хто мае ў гэтым вострую патрэбу. Па такім прынцыпе дзейнічаюць сталыя людзі з невялікага нямецкага горада Арнсберг.

Ужо шмат гадоў тут дзейнічае Каардынацыйны цэнтр “Сталенне будучага”, на базе якога людзі розных пакаленняў штогод ініцыюць мноства карысных для горада ініцыятываў.

“Сталенне будучага” з’яўляецца партнёрам у межах праекта “Розныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, які здзяйсняецца ў Беларусі МГА “Узаемапаразуменне” і іншымі сябрамі кааліцыі “За годане даўгалецце”.

Днямі адна з актывістак Цэнтра Марыта Гервін апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку інфармацыю пра вынікі Федэральнага праекта „Chancenpatenschaften Alt & Jung”, у межах якога на працягу пяці гадоў сталыя арнсбергцы былі ў ролі “хросных бацькоў” для мігрантаў, якія траплялі ў Арнсберг.

Вывучэнне мовы, пошук жытла і працы, уладкаванне дзяцей у школу – гэта няпоўны пералік праблем, з якімі сутыкаюцца людзі, якія трапляюць у чужую краіну.

У Арнсбергу вырашаць такія пытанні мігрантам дапамагаюць сталыя людзі, якія бяруць пад апеку тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

“Я наогул не ведаў, у які горад Германіі мяне закіне лёс”, – узгадвае 21-гадовы Назрат, які стаў 6 гадоў таму мігрантам з Афганістана. – Тое, што я прыехаў у Арнсберг, было маім шчасцем!“

Тут яго хроснай маці стала Карола, якая дапамагала яму распачаць адукацыю і абраць прафесію. Зараз Назрат ужо скончыў навучанне, уладкаваўся ў жыцці, але па-ранейшаму падтрымлівае з Каролай асабісты кантакт. 

У час падсумавання вынікаў праекта Назрат і іншыя ўдзельнікі распавялі пра свае гісторыі і пра ролю, якую ў іх жыцці адыгралі “хросныя”. 

Як сталыя жыхары нямецкага Арнсбергу дапамагаюць мігрантам

Разынкай праекта з’яўляецца ўзаемная выгода для ўсіх яго ўдзельнікаў. Так, сёння сталыя “хросныя бацькі” дапамагаюць выконваць хатнія заданні ў школе, а заўтра іх падапечныя могуць запамагчы ўжо сваім “бацькам”, напрыклад, у выпадку хваробы альбо ў здзяйсненні закупаў у крамах.

Праект ладзіўся з 2016 года па ініцыятыве Федэральнага міністэрства па справах жанчын, сталых людзей, сям’і і моладзі. 

Глядзіце таксама фільм “Ці мы здолеем?” (на нямецкай мове”), які падсумоўвае вынікі праекта.