Пасля выхаду на пенсію многія людзі аказваюцца сам на сам з рэаліямі новага жыцця: пагаршэнне фінансавага дабрабыту (пенсія ў сярэднім складае каля 40% ад заробку), развітанне з працоўным калектывам часта суправаджаецца з’яўленнем праблем са здароўем, стратай блізкіх, адчуваннем адзіноты і непатрэбнасці. Самастойна справіцца з выклікамі новага жыцця зусім не проста.
Супрацоўнікі ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” з Гродна распрацавалі пілотны курс, які мае дапамагчы людзям перадпенсійнага ўзросту лепш падрыхтавацца да пераменаў у сваім жыцці.
Удзельнікі курса сплануюць сваю будучыню, пазнаёмяцца з рознымі варыянтамі арганізацыі дадатковай працоўнай (і не толькі) занятасці, атрымання важных для жыцця ў сучасным грамадстве кампетэнцый, развіцця сваіх творчых здольнасцяў, працы на карысць грамадства.
Асобны блок заняткаў будзе прысвечаны таму, як эканоміць і рацыянальна выкарыстоўваць свае фінансы, куды іх можна ўкладаць, за кошт чаго можна мець дадатковыя да пенсіі прыходы.
Яшчэ адзін блок будзе прысвечаны псіхалагічнай падрыхтоўцы да выхаду на пенсію: якія эмацыйныя і псіхалагічныя змены могуць быць, як з імі спраўляцца і як пераарыентаваць сваё жыццё ў новых умовах.
Заняткі курса пройдуць 7-9 чэрвеня.