Заняткі Школы былі прысвечаныя прафілактыцы дэменцыі, дагляду за людзьмі, якія жывуць з дэменцыяй, а таксама псіхалагічнаму здароўю людзей, якія займаюцца такім даглядам.
Удзельнікамі Школы, заняткі якой адбываліся 14-15 сакавіка, былі студэнты і супрацоўнікі праграмы “Універсітэт Залатога Веку”, а таксама іншыя жыхары горада, некаторыя з якіх самі даглядаюць людзей з дэменцыяй.
Як адзначыла адна з выкладчыц Школы – псіхолаг грамадскага аб’яднання “Хэсэд-Рахамім” (Мінск) Кацярына Сяргеява (на здымку ніжэй), колькасць людзей, якія жывуць з дэменцыяй, расце вельмі хутка і ў бліжэйшыя гады гэты працэс будзе толькі паскарацца. Аднак у нашым грамадстве пра гэтую тэму ўсё яшчэ гавораць мала. Таму не дзіўна, што многія людзі саромеюцца нават сябрам і суседзям распавядаць, што нехта з іх сваякоў мае дыягназ “дэменцыя”. Ды і пра тое, як распазнаць першыя праявы дэменцыі ведае сёння вельмі мала людзей.
Кацярына распавяла пра асноўныя сімптомы дэменцыі, падзялілася парадамі пра тое, як сябе паводзіць у дачыненні да людзей, якія жывуць з дэменцыяй.
Былы галоўны медыцынскі псіхолаг Гарадзеншчыны Павел Джулай засяродзіўся на тым, як зберагчы сваё псіхалагічнае здароўе і мінімізаваць псіхалагічнае выгаранне, калі ты даглядаеш за чалавекам, які жыве з дэменцыяй, альбо з іншым цяжкім захворваннем.
“Школа Здаровага Даўгалецця” праводзілася ў Гродна ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз актывізацыю і ўзаемадапамогу”, падтрыманага Фондам Памяць, адказнась і будучыня” у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”, якая каардынуецца Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванні Фонда EVZ. Адказнасць за змест публікацыі нясуць яе аўтары.