Ва “Універсітэце Залатога Веку” 10 красавіка распачаўся цыкл адкрытых онлайн-лекцый. Першую з іх правяла экспертка з Ізраіля Алена Яшчанка, якая падзялілася асноўнымі правіламі псіхагігіены.
Па выніках вэбінара Алены былі складзены Топ-10 парадаў пра тое, як зменшыць трывогу, выкліканую ў тым ліку і пандэміяй.
1 парада. Прызнанне трывогі
Калі трывога альбо іншае любое пачуццё і стан прызнаецца самім чалавекам, то яна з’яўляецца неабходнай для выбудоўвання эфектыўных паводзінаў у новых абставінах-рухавіком нармальнага жыцця.
Дайце сабе магчымасць выказаць гэтую трывогу ў нейкім дзеянні, у малюнку, размовах з іншымі людзьмі. Вербалізацыя і сімвалічны выраз трывогі дае адчуванне кантролю над сітуацыяй.
2 парада. Паспрабуйце як мага дакладней вызначыць свой занепакой (што менавіта вас турбуе)
Прычына трывогі ў кожнага свая.
Напрыклад, маладыя людзі баяцца згубіць працу, а значыць – крыніцу даходу.
Людзі сярэдняга ўзросту хвалююцца за сваіх бацькоў.
Сталыя людзі – асцерагаюцца захварэць, заразіўшыся смяротна небяспечным вірусам.
Важна максімальна апісаць страх. У нармальным стане чалавек не павінен баяцца ўсяго на свеце!
3 парада. Прааналізуйце свае пачуцці
Адкажыце сабе на пытанні: што я магу зрабіць цяпер для ліквідацыі прычыны маёй трывогі? Як я магу пазбегнуць пагрозы? Як я магу падрыхтавацца да наступстваў?
4 парада. Адключайце некарысныя перажыванні
Калі гэта немагчыма, то вылучыце сабе час для трывогі. Напрыклад, з 8.00 да 9.00:)
5 парада. Ліквідаваць прычыну трывогі, а не змагацца з самой трывогай
Калі гэта немагчыма – прызнаць бяссілле.
Спробы “думаць аб добрым” ці “не думаць аб кепскім” прыводзяць да ўзмацнення трывогі!
Разам з гэтым узрастае ранімасць і пашыраецца круг траўмуючых фактараў.
6 парада. Вызначыць рэальнасць вашай трывогі
Наколькі рэальна застацца зусім без сродкаў да існавання? Наколькі рэальна захварэць? Калі страх звязаны з сітуацыяй, на якую мы не можам паўплываць – тады лепш прыняць сваё бяссілле.
7 парада. Выкарыстоўвайце дыхальныя тэхнікі
Пры трывозе, пераходзячай у паніку, немагчыма ўдыхнуць. Спробы ўдыху сканчаюцца няўдачай і чалавек пачынае задыхацца.
У такім выпадку лепш за ўсё спрабаваць не ўдыхнуць, а выдыхнуць. У выпадку прыступу пачынайце з выдыху – запаволіце яго, і пульс таксама замарудзіцца. Суадносіны даўжыні удыху і выдыху павінны быць 1:2.
8 парада. Папаўняйце энергетычны рэсурс прыемнымі для вас дзеяннямі
Можна прыняць ванну, прачытаць кнігу, пагутарыць з сябрамі. Але старайцеся пазбягаць кафеіну, моцнай гарбаты, алкаголю, бо танізатары ўзмацняюць трывогу.
9 парада. Падтрымлівайце кантакты з сябрамі
Чалавек мае патрэбу ў грамадстве! Калі адчуваеце, што няма да каго звярнуцца, знайдзіце спосабы пазнаёміцца з новымі людзьмі!
10 парада. Памятайце пра пачуццё гумару
Смех – лепшы спосаб справіцца з трывогай і сказаць жыццю – ТАК!
Удзел у вэбінары бралі каля 50 чалавек з гарадзенскага УЗВ, а таксама ўдзельнікі з Мінска і Брэста.
Многія з іх пакінулі свае водгукі пра вэбінар.
Пасля вэбінару мы паразмаўлялі з яго ўдзельніцамі.
Наталля Снегірова:
“Мне лекцыя спадабалася і фармат онлайн таксама быў для мяне зручным.
Парады, якія давала Алена, карысныя.
Цяпер я дакладна ведаю, што падчас самаізаляцыі трэба лепш займацца справамі, якія ў цябе добра атрымоўваюцца і якімі займалася раней.
Дзякуй Алене за лекцыю і за карысную прэзентацыю падчас выступу, якую я буду выкарыстоўваць і ў занятках Клуб паляпшэння памяці “Сінапс”.
Любоў Ігнацьева:
Я штодзённа прытрымліваюся тых парад, якія нам дала Алена падчас свайго выступу, але вельмі добра, што ў яе атрымалася раскласці ўсё па палічках.
Вялікі дзякуй арганізатарам сённяшняй сустрэчы за разнастайнасць нашага жыцця і за магчымасць атрымоўваць новыя веды і мець адчуванне, што мы не адныя.
Больш падрабязна з прэзентацыяй Алены Яшчанка можна пазнаёміцца ніжэй.
У кастрычніку мінулага года Алена таксама выступала на Форуме актыўнага даўгалецця ў Мінску, дзе распавядала пра досвед псіхалагічнай дапамогі людзям, якія перажылі Халакост.
Наступныя адкрытыя онлайн-лекцыі ва УЗВ адбудуцца 14 і 16 красавіка. Сачыць за анонсамі можна на сайце Універсітэту uzv.by.