Удзельнікаў чакаюць чатыры дні інтэнсіўных трэнінгаў са спецыялістамі ў сферы медыцыны, псіхалогіі і аздараўленчай гімнастыкі.
Заняткі ў Школе будуць праводзіць вядомыя эксперты з Мінска і Гродна.
Удзельнікі Школы даведаюцца:
- якія рэакцыі псіхікі ў сітуацыі стрэсу можна лічыць нармальнымі, а якія рэакцыі патрабуюць павышанай увагі і дапамогі;
- пра асаблівасці ўзаемадзеяння з людзьмі, якія знаходзяцца ў сітуацыі працяглага стрэсу;
- пра спосабы дапамогі і самадапамогі ў стрэсавай сітуацыі;
- што такое постковідны сіндром і як ацэньваць паказчыкі здароўя, каб пазбегнуць ускладненняў пасля ковіду;
- як можна папярэджваць асобныя захворванні;
- як палепшыць свой фізічны і псіхічны стан, нягледзячы на пандэмію.
Падчас Школы ўдзельнікі навучацца:
- распазнаваць стрэс, трывогу і іншыя эмацыйныя станы;
- выяўляць і працаваць з перакананнямі, якія ўзмацняюць стрэсавы стан;
- прыёмам псіхалагічнай самадапамогі;
- аказваць першую псіхалагічную дапамогу блізкім;
- аднаўляцца пасля перанесенай ковід-інфекцыі;
- рабіць спецыяльную дыхальную гімнастыку;
- практыкаванням па падтрыманню інтэлектуальных функцый, здароўя суставаў і арганізму ў цэлым;
- метадам самамасажу твару;
- правільнаму дагляду за ўзроставай скурай.
“Школа здаровага даўгалецця” праводзіцца ў Гродна другі год запар.
У мінулым годзе заняткі Школы былі прысвечаныя прафілактыцы дэменцыі і дапамозе людзям, якія пакутуюць ад яе.
Даведацца, як прайшла мінулагодняя Школа можна тут.
“Школа Здаровага Даўгалецця” дзейнічае сёлета ў межах пілотнай праграмы “Нікога не пакінуць у адзіноце”, якая падтрымліваецца Праграмай падтрымкі Беларусі ўраду ФРГ.
Арганізатарамі Школы з’яўляюцца сябры кааліцыі “За годнае даўгалецце” – установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” і грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці Сектар”.