Віртуальны Універсітэт пачынае сваю дзейнасць

Навіны партнёраў → 18 верасня 2020

Новую адукацыйную пляцоўку для сталых людзей стварылі на базе гарадзенскага “Універсітэт Залатога Веку”.

На гэтай пляцоўцы будуць змяшчацца онлайн курсы, запісы вэбінараў і прамыя трансляцыі розных адукацыйных мерапрыемстваў, карысныя відэа і публікацыі, а таксама навіны пра розныя адукацыйныя магчымасці.

Вось што пішуць пра новую ініцыятыву яе арганізатары:

Ідэя стварэння Віртуальнага Універсітэту з’явілася ў нас ледзь не з самага пачатку ўзнікнення нашага “Універсітэту Залатога Веку” (ён дзейнічае з 2010 г.), – кажуць стваральнікі пляцоўкі. – Але доўгі час з-за недахопу часу і рэсурсаў адкладалася намі “на потым”.

Часу і рэсурсаў не хапае і зараз, але пандэмія каронавірусу, якая прымусіла нас перавесці вясной 2020 года ўсе навучальныя праграмы для сталых людзей у онлайн-фармат, прыспешыла працу па стварэнні Віртуальнага ўніверсітэту, які будзе дзейнічаць як асобны кірунак працы нашага “Універсітэту Залатога Веку”.

Арганізатары Віртуальнага Універсітэту спадзяюцца, што наведвальнікамі онлайн-пляцоўкі стануць не толькі тыя, хто наведвае стацыянарныя заняткі курсаў і клубаў УЗВ, але і іншыя сталыя людзі – у тым ліку з мясцовасцяў, дзе пакуль няма альбо не хапае адукацыйна-асветніцкіх пляцовак для сталых людзей.

Стваральнікамі Віртуальнага ўніверсітэту з’яўляюцца супрацоўнікі і валанцёры двух арганізацый – грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” і ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“.

Стваральнікі Віртуальнага універсітэту спадзяюцца на падтрымку з боку неабыякавых людзей:

Мы робім гэтую працу, не атрымліваючы за гэта аніякіх заробкаў, з верай у тое, што сталыя беларусы заслугоўваюць годнага жыцця і што адукацыя з’яўляецца адным з чыннікаў, якія могуць станоўча паўплываць на якасць жыцця сталага чалавека”

Мы будзем удзячныя за ахвяраванні, якія дапамогуць нам стварыць і развіваць Віртуальны Універсітэт, каб прыносіць карысць як мага большай колькасці людзей залатога веку!