Узгадвалі асноўныя падзеі гэтага акадэмічнага года, падводзілі вынікі навучання, прымалі віншаванні ад арганізацый-сябраў кааліцыі і замежных партнёраў – гэта і многае іншае адбывалася на выпускной імпрэзе УЗВ-11, якая адбылася 21 траўня.
Напачатку імпрэзы ва ўсіх прысутных была магчымасць узгадаць яркія моманты гэтага навучальнага сезона.
Пасля традыцыйна, хоць і ў онлайн-фармаце, прагучаў студэнцкі гімн “Гаўдэамус”.
Затым вядучыя імпрэзы, якімі былі сябры Рады УЗВ Уладзімір Рунге і Ларыса Кіркевіч перадалі словы заснавальнікам “Універсітэту Залатога Веку” Лане і Вітаўту Руднікам.
Сваю прамову яны распачалі з дэманстрацыі аднаго з першых відэаролікаў пра УЗВ, знятага 9 год таму.
Затым Лана і Вітаўт падсумавалі асноўныя вынікі адзінаццатага навучальнага акадэмічнага года.
“Сёлета ў межах УЗВ-11 адбылося 9 агульных лекцый у фармаце офлайн і 12 – анлайн” – кажа Лана Руднік.
“УЗВ сёлета – гэта 974 заняткі, 31 курс, 19 клубаў, каманда з 42 выкладчыкаў” – зазначыў Вітаўт.
Затым старшыня Рады Ларыса Кіркевіч узгадала асноўныя вынікі дзейнасці працы Рады ў другім семестры гэтага навучальнага года.
Гэта і ўдзел у Жывой бібліятэцы, і правядзенне “Вясновага Party”, і дапамога ў арганізацыі Школы Здаровага Даўгалецця, і Тэлемост па абмену досведам паміж валанцёрамі УЗВ і Санкт-Пецярбурга, і шыццё ахоўных масак і касцюмаў студэнтамі УЗВ і многае іншае.
Затым слухачы УЗВ прымалі віншаванні ад партнёраў з Мар’ямпале (Літва), Вінніцы (Украіна), Вроцлава і Саколкі (Польшча), Бэкансфілда (Вялікабрытаніі).
Вялікае відэапрывітанне дасталі таксама студэнты і арганізатары Мінскага ўніверсітэту трэцяга ўзросту.
Свае віншаванні даслалі таксама выкладчыкі розных набораў УЗВ Кася Рэмбеза, Алёна Калько, Вера Кунцэвіч, Вікторыя Петрусевіч, Ганка Урбановіч.
У прамым эфіры ўдзельнікаў сустрэчы віншавалі сябра навуковай Рады УЗВ, парфесар Андрэй Ільніцкі, кіраўніца Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне” Анжаліка Аношка, заснавальнікі і кіраўнікі “Акадэміі 50+” (Бабруйск) Алег і Святлана Красныя, куратарка навучальных груп Універсітэта Трэцяга Узросту (Мінск) Вольга Шышло.
Па традыцыі, у час выпускной сустрэчы былі названыя імёны Пачэсных студэнтаў УЗВ, а напрыканцы імпрэзы быў прадстаўлены спецпраект “Пасланне свету”, падрыхтаваны спецыяльна для выпускной сустрэчы студэнтамі, выкладчыкамі і арганізатарамі УЗВ.
Поўны запіс выпускной сустрэчы УЗВ-2020 можна паглядзець ніжэй.