Праект Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце-2030” быў прадстаўлены ў Мінску

Навіны → 15 кастрычніка 2019

Першымі са зместам праекта пазнаёміліся ўдзельнікі Форума “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, які адбыўся 1-2 кастрычніка і быў арганізаваны кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.

Канцэпцыю праекта стратэгіі прадставіла намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства працы Таццяна Фёдарава.

Праект Нацыянальнай стратэгіі "Годнае даўгалецце-2030" быў прадстаўлены ў Мінску
Таццяна Фёдарава: для паспяховай рэалізацыі стратэгіі спатрэбіцца сістэмная адаптацыя дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да старэння насельніцтва.

Паводле яе словаў, галоўнай мэтай стратэгіі з’яўляецца фармаванне грамадства для людзей усіх узростаў, стварэнне ўмоваў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу сталых людзей, а таксама паляпшэнне якасці іх жыцця.

Праект стратэгіі ўтрымлівае апісанне сямі прыярытэтных задач:

  1. Забеспячэнне абароны правоў і годнасці сталых людзей, недапушчэнне дыскрымінацыі па прыкмеце ўзроста.
  2. Стварэнне ўмоваў для сацыяльнай інтэграцыі і ўсебаковага ўдзелу сталых людзей у жыцці грамадства.
  3. Стымуляванне больш працяглага працоўнага жыцця, адаптацыя рынку працы да патрэбаў сталых людзей, павышэнне ўстойлівасці пенсійнай сістэмы.
  4. Забеспячэнне магчымасцяў для навучання на працягу ўсяго жыцця.
  5. Стварэнне ўмоваў для здаровага і бяспечнага жыцця сталых людзей.
  6. Развіццё сістэмы сацыяльнага абслугоўвання.
  7. Стварэнне адаптаванай да патрэбаў сталых людзей інфраструктуры.

Па словах Таццяны Фёдаравай, праект Нацыянальнай стратэгіі будзе накіраваны на зацвярджэнне ўрадам ужо ў снежні бягучага года.

Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праекта стратэгіі бралі і сябры кааліцыі “За годнае даўгалецце”.

Фота Антона Сурапіна

Чытайце таксама:

“На гэтым сацыяльным полі працы хопіць усім”. У Мінску праходзіць Форум годнага даўгалецця

Жыць і сталець годна: знаёмім з матэрыяламі Форума “Годнае даўгалецце”

Фотасправаздачу з Форума глядзіце тут.