Адной з самых цікавых секцый, якія працавалі ў час Форума “Годнае даўгалецце”, была секцыя, прысвечаная сацыяльным паслугам для сталых людзей. У час дыскусіі абмяркоўваліся не толькі розныя аспекты сацыяльнай і псіхалагічнай дапамогі сталым людзям, але і тэмы, якія ў нашай краіне пакуль не абмяркоўваюцца ў голас.
Чацьвёра жыхароў прэстыжнага ізраільскага дома для састарэлых былі заспетыя ў час інтыму ў адным ложку медсястрой, якая выпадкова зайшла ў пакой. Большасці з палюбоўнікаў было больш за 90!
З такой гісторыі распачала сваю прэзентацыю Марына Славінская (на фота ніжэй у цэнтры), псіхатэрапеўт-сэксолаг, клінічны сацыяльны работнік, сябра Ізраільскай асацыяцыі сэксуальнай тэрапіі. Марына ўжо даўно займаецца пытаннямі сэксуальнасці ў сталым веку і прыехала падзяліцца сваімі ведамі і развагамі з удзельнікамі Форума.
Марына агучыла асноўныя прычыны, з-за якіх тэма сэксуальнасці ў сталым веку дагэтуль з’яўляецца моцна табуяванай:
- атрыманае выхаванне
- “непрыстойнасць” тэмы
- стэрэатыпнае меркаванне, што ў людзей, якія ўздымаюць гэтую тэму, нешта не так ў сэксуальнай сферы
- грамадскае меркаванне пра несумяшчальнасць сэкса і старасці.
Марына Славінская агучыла, што ўкладае ў сэнс тэрміна “сэксуальнае здароўе” Усясветная арганізацыя аховы здароўя:
Гэта стан фізічнага, эмацыйнага, псіхалагічнага і сацыяльнага дабрабыту ў сэксуальнай сферы жыцця, а не толькі адсутнасць захворванняў альбо наяўнасці дысфункцыяў.
Сэксуальнае здароўе прадугледжвае пазітыўнае стаўленне да сэксуальнасці і сэксуальных адносін, а таксама магчмасць мець бяспечны сэкс, які прыносіць задавальненне без прымусу, дыскрымінацыі і гвалту.
Калі вам падабаецца чытаць дэтэктывы, размаўляць па тэлефоне і есці шакаладныя лёды, то, вельмі верагодна, вы будзеце любіць рабіць гэта і ў 60, і ў 70 і ў 80 год – звярнулася да публікі Марына. Тое ж самае, па яе словах, тычыцца і сэксуальнасці.
Паводле яе словаў, з гадамі ў людзей назіраецца змяншэнне палавой актыўнасці, звязанае з фізіялагічнымі змяненнямі, але сэксуальныя інтарэс і жаданні з узростам не змяншаюцца.
Яшчэ адной “разынкай” секцыі стала прэзентацыя пра досвед псіхалагічнай дапамогі людзям, якія перажылі Халакост. Пра гэта распавядала яшчэ адна ізраільская экспертка – Алена Яшчанка.
Яна распавяла, што пры міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Ізраіля ёсць спецыяльная служба для сталых ізраільцян, якая абслугоўвае мужчын з узросту 67 гадоў і жанчын з 62 гадоў. У краіне дзейнічае 1400 клубаў для сталых людзей, якія наведваюць больш за 100 000 чалавек.
Каб пазбегнуць манапалізацыі сацыяльных паслуг у гэтай сферы, дзяржава паралельна падтрымлівае некалькі грамадскіх арганізацый.
Алена распавяла, як арганізавана праца гэтых клубаў і іншых структур, створаных для задавальнення патрэбаў сталых людзей.
Пра беларускі досвед арганізацыі працы цэнтраў дзённага знаходжання для людзей з кагнітыўнымі парушэннямі і дземенцыяй распавяла спецыялістка дабрачыннай яўрэйскай грамадскай арганізацыі “Хэсэд-Рахамім” Кацярына Сяргеева (на фота ніжэй у цэнтры).
Вынікі працы секцыі агучыла яе мадэратарка Анжаліка Аношка (на фота ніжэй злева).
- Мультыплікаваць мадэль дзённых цэнтраў для людзей з кагнітыўнымі парушэннямі на любыя даступныя пляцоўкі.
- Выкарыстоўваць любыя даступныя пляцоўкі для арганізацыі клубнай дзейнасці для сталых людзей.
- Захаваць і напоўніць зместам клубную дзейнасць у сельскай мясцовасці і ў малых гарадах.
- Фарміраваць псіхалагічную культуру ў грамадстве (прыняццё, дэтабуяванне, папулярызацыя паслуг псіхолага).
- Увесці практыку размовы пра сэкс са сталымі людзьмі пры наведванні уролагаў і гінеколагаў і іншых спецыялістаў.
- Праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на сэксуальную асвету ў розных узроставых групах.
- Скарэктаваць праграму сэксуальнай адукацыі і выхавання.
- Правесці даследаванне сэксуальнасці сталых людзей у Беларусі.
- Ствараць на розных пляцоўках умовы для стварэння пар!
Форум “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў” адбыўся 1-2 кастрычніка ў Мінску і быў арганізаваны кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.
Чытайце таксама:
“На гэтым сацыяльным полі працы хопіць усім”. У Мінску праходзіць Форум годнага даўгалецця
Жыць і сталець годна: знаёмім з матэрыяламі Форума “Годнае даўгалецце”
Праект Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце-2030” быў прадстаўлены ў Мінску
Форум “Годнае даўгалецце”: каментуюць арганізатары і эксперты
Як зрабіць, каб голас сталых людзей быў пачуты: досвед Германіі
Як ўспрымаюць сябе сталыя беларусы і як іх саміх успрымае грамадства?
Удзел сталых людзей у прыняцці рашэнняў: выклікі і практыкі
Адкрытыя магчымасці: адукацыя, культура, бізнес
Фотасправаздачу з Форума глядзіце тут.
Фота Антона Сурапіна