На працягу чатырох дзён удзельнікі Школы будуць вучыцца асновам распрацоўкі адукацыйных мерапрыемстваў і праграм для сталых людзей, каб потым выкарыстаць свае веды на практыцы.
Удзел у Школе бяруць удзельнікі з Гродна, Бабруйска, Мінска, Кобрына, Зельвы, Оршы, Светлагорска, Смаргоні.
У першай частцы Школы яны будуць знаёміцца з алгарытмам планавання, асобнымі метадамі трэнерскай працы, спецыфікай навучання сталых людзей.
У другой частцы Школы удзельнікі будуць практыкавацца ў правядзенні ўласных заняткаў, якія распрацуюць у час навучання.
Заняткі Школы dядуць дасведчаныя трэнеры Марына Шорац(https://ebp.by/trenery/shorets-marina/) і Іван Шорац (https://ebp.by/trenery/shorets-ivan/).
Адразу пасля сканчэння Школы яе ўдзельнікі змогуць папрактыкавацца ў правядзенні заняткаў у межах Акадэміі Лідэраў Залатога Веку, якая будзе працаваць 10-14 траўня ў гэтым жа месцы і збярэ актыўных сталых людзей з розных гарадоў Беларусі.
Гэта ўжо другая Школа адукатараў, арганізаваная кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.
Папярэдняя Школа праходзіла ў красавіку 2021 г. Многія яе выпускнікі з таго часу актыўна рэалізуюць свае адукацыйныя праграмы на розных адукацыйных пляцоўках для сталых людзей.
Школа праводзіцца ў межах праекта “Роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, што здзяйсняецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне” (Мінск) у партнёрстве з шэрагам іншых сябраў кааліцыі пры спрыянні Праграмы падтрымкі Беларусі (ППБ).
Праграма падтрымкі Беларусі рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Германскага таварыства па міжнароднаму супрацоўніцтву (GIZ).
Праект зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь згодна пасведчання ад 30.10.2020 г. №13-08/87.