Запрашаем у Акадэмію Лідэраў Залатога Веку

Навіны → 20 чэрвеня 2021

Да ўдзелу у Акадэміі, якая будзе працаваць 23-26 жніўня пад Мінскам, запрашаюцца актывісты універсітэтаў залатога/трэцяга веку, клубаў, а таксама іншых супольнасцяў сталых людзей.

Мэтай Акадэміі з’яўляецца ўмацаванне лідэрскага патэнцыяла актыўных сталых людзей у галіне планавання ўласнага развіцця, працы ў камандзе, а таксама ўдасканалення дзейнасці адукацыйных і іншых пляцовак, якія яны прадстаўляюць.

Што будзе адбывацца ў час Акадэміі?

Канцэпцыя сёлетняй Акадэміі пабудаваная на падыходзе, які ўмоўна называецца “Я – Мы – Справа”.

Гэты падыход прадугледжвае імкненне да балансу паміж персанальнымі інтарэсамі, інтарэсамі групаў, да якіх мы прыналежым, а таксама тых важных справаў, якімі мы займаемся разам са сваімі паплечнікамі.

Таму ў час заняткаў будзе месца і для развагаў пра свае планы, прыярытэты, жыццёвыя каштоўнасці, і для дыскусій пра тое, як больш эфектыўна працаваць у камандзе, і для планавання тых справаў, якія могуць умацаваць супольнасці сталых людзей, стварыць дадатковыя магчымасці для задавальнення іх патрэбаў.

Заняткі Акадэміі будуць адбывацца ў інтэрактыўным фармаце. Праводзіць іх будуць эксперты з вялікім досведам працы ў галіне навучання дарослых (у тым ліку – сталых людзей).

У дадатак да заняткаў у праграме Акадэміі запланаваныя і цікавыя вечаровыя інтэграцыйныя мерапрыемствы.

Каго запрашаем у Акадэмію?

Прыярытэт пры адборы ўдзельнікаў Акадэміі будуць мець актыўныя сталыя людзі ва ўзросце 55+, якія прадстаўляюць арганізацыі і ініцыятывы, што ўваходзяць у склад кааліцыі.

Мы вітаем таксама заяўкі ад іншых арганізацыі і ініцыятыўных груп сталых людзей з розных рэгіёнаў Беларусі.

Колькі каштуе ўдзел у Акадэміі?

Арганізатары Акадэміі забяспечаць за свой кошт пражыванне ўдзельнікаў у двухмясцовых нумарах, трохразовае харчаванне, навучальныя матэрыялы.

Удзельнікі Акадэміі будуць часткова аплочваць выдаткі на праезд да Мінска. Дадатковая інфармацыя пра гэта, а таксама пра месца правядзення Акадэміі, будзе накіраваная тым удзельнікам, якія дашлюць заяўкі на ўдзел.

Як заявіцца на ўдзел у Акадэміі?

Для гэтага трэба запоўніць да 5 жніўня анкету-заяўку на ўдзел у Акадэміі. Пра вынікі адбору будзе паведамлена да 12 жніўня.

Хто фінансуе правядзенне Акадэміі?

Акадэмія Лідэраў Залатога Веку працуе ў межах праекта, які здзяйсняецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне” (Мінск) у партнёрстве з шэрагам іншых сябраў кааліцыі пры спрыянні Праграмы падтрымкі Беларусі (ППБ). 

Праграма падтрымкі Беларусі рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Германскага таварыства па міжнароднаму супрацоўніцтву (GIZ).

Як працавала першая Акадэмія?

Першая Акадэмія Лідэраў Залатога Веку працавала летам 2019 г. пад Слонімам.

Пра тое, як тады праходзілі заняткі і хто браў у іх удзел – чытайце на нашым сайце.