Атрымаць карысныя веды і ўменні, якія дазволяць планаваць і больш эфектыўна праводзіць заняткі і адукацыйныя праграмы для сталых людзей змогуць удзельнікі трэнінга для трэнераў, які адбудзецца 7-10 траўня пад Мінскам.
Да ўдзелу ў трэнінгу запрашаюцца найперш адукатары з Бабруйска, Гродна, Кобрына і Мінска, якія ўмо маюць хаця б невялікі ўласны досвед асветніцкай працы са сталымі людзьмі. Заяўкі ад высокаматываваных людзей з іншых рэгіёнаў таксама вітаюцца і будуць уважліва разгледжаныя.
Заняткі Школы будуць праводзіць дасведчаныя трэнеры Марына Шорац (https://ebp.by/trenery/shorets-marina/) і Іван Шорац (https://ebp.by/trenery/shorets-ivan/).
У час Школы адукатараў яе ўдзельнікі будуць знаёміцца з асновамі планавання заняткаў і адукацыйных праграм, а таксама з рознымі метадамі, якія можна выкарыстоўваць у час навучання сталых людзей.
Адразу пасля сканчэння Школы яе ўдзельнікі змогуць папрактыкавацца ў правядзенні заняткаў у межах Акадэміі Лідэраў Залатога Веку, якая будзе працаваць 10-14 траўня ў гэтым жа месцы і збярэ актыўных сталых людзей з розных гарадоў Беларусі.
Арганізатары Школы кампенсуюць выдаткі на пражыванне, харчаванне і трансфер удзельнікаў.
Заявіцца на ўдзел у Школе можна па спасылцы https://forms.gle/j7dkwWydCj2CPbTF6 да 18 красавіка 2022 г.
Вынікі адбору будуць вядомыя ўжо 21 красавіка.
Гэта ўжо другая Школа адукатараў, арганізаваная кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.
Папярэдняя Школа праходзіла ў красавіку 2021 г. Многія яе выпускнікі з таго часу актыўна рэалізуюць свае адукацыйныя праграмы на розных адукацыйных пляцоўках для сталых людзей.
Школа праводзіцца ў межах праекта “Роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, што здзяйсняецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне” (Мінск) у партнёрстве з шэрагам іншых сябраў кааліцыі пры спрыянні Праграмы падтрымкі Беларусі (ППБ).
Праграма падтрымкі Беларусі рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Германскага таварыства па міжнароднаму супрацоўніцтву (GIZ).
Праект зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь згодна пасведчання ад 30.10.2020 г. №13-08/87.