Завершаны адбор кандыдатаў на Школу адукатараў

Навіны → 29 красавіка 2022

Каля 20 чалавек возьмуць удзел у Школе адукатараў, арганізаванай кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.

Школа будзе працаваць пад Мінскам 7-10 траўня.

Удзел у ёй будуць браць людзі, якія ўжо зараз заангажаваныя ў правядзенне заняткаў для сталых людзей у Бабруйску, Гродна, Кобрыне, Мінску і шэрагу іншых гарадоў краіны.

Яны будуць навучацца асновам распрацоўкі і правядзення заняткаў і адукацыйных праграм для сталых людей, знаёміцца з рознымі метадамі навучання.

Некаторыя з распрацаваных у межах Школы заняткаў будуць праведзеныя для ўдзельнікаў Акадэміі Лідэраў Залатога Веку, якая будзе працаваць 10-14 траўня ў тым жа месцы і збярэ актыўных сталых людзей з усёй краіны.

Гэта будзе ўжо другая Школа адукатараў, арганізаваная кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.

Папярэдняя Школа праходзіла ў красавіку 2021 г. Многія яе выпускнікі з таго часу актыўна рэалізуюць свае адукацыйныя праграмы на розных адукацыйных пляцоўках для сталых людзей.

Школа праводзіцца ў межах праекта “Роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”, што здзяйсняецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне” (Мінск) у партнёрстве з шэрагам іншых сябраў кааліцыі пры спрыянні Праграмы падтрымкі Беларусі (ППБ). 

Праграма падтрымкі Беларусі рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Германскага таварыства па міжнароднаму супрацоўніцтву (GIZ).

Праект зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь згодна пасведчання ад 30.10.2020 г. №13-08/87.